У Віртуальным музеі мазаікі захоўваюць і вывучаюць унікальныя артэфакты з Бабруйска

Віртуальны музей мазаікі – гэта анлайн-прастора, прысвечаная творам савецкага манументальнага мастацтва ў Бабруйску і Беларусі. https://mosaic.1387.by/.

Ён створаны з мэтай захавання, вывучэння, пераасэнсавання і ўвядзення ў сучасны кантэкст савецкіх мазаік. Праца вядзецца сумесна з даследчыкамі, мастакамі і гісторыкамі.

Фатаздымкі з экстэр’ераў ды інтэр’ераў Бабруйска захоўваюцца тут у лічбавым фармаце, а частку з іх можна паглядзець як панараму на 360 градусаў.

Росквіт мазаікі прападае на 1960-я — 1970-я гады і звязаны з перыядам савецкага мадэрнізму ў архітэктуры. Упрыгажэнні сцен станавіліся неад’емнай часткай архітэктурнай прасторы, арганічна ўваходзілі ў архітэктурны ансамбль і ў большасці выпадкаў былі звязаны з функцыяй будынка, для якога прызначаліся. Як, напрыклад, унікальная бабруйская мазаіка Сямёна Абрамава на лякарні імя Уладзіміра Марзона паказвае лекара ў масцы з сэрцам на далоні. Гэта мазаіка-калаж, вельмі адметная паводле свайго стылістычнага рашэння.

Аднак старыя будынкі часта ідуць пад знос, а разам з імі знікаюць унікальныя творы, выкананыя ў вельмі рэдкай тэхніцы мазаікі. Так, нядаўна ў Бабруйску знеслі адзін з будынкаў былой футравай фабрыкі на Бахарава, а разам з ім – мазаіку з чырвонай жанчынай, якая была цэнтральнай фігурай твора. І хоць на фоне быў Ленін, працоўныя і рэвалюцыянеры, вобраз жанчыны быў вырашаны вельмі складана, многія бачылі ў ім адсылкі да рэлігійнага жывапісу. Аўтар пано невядомы.

Мазаіка на сцяне будынка футравай фабрыкі ў Бабруйску. У лістападзе 2022 года будынак быў зруйнаваны. Фота: 1387.by.

“Мазаікі і манументальны жывапіс агулам трэба разглядаць не як вытворчую ад ідэалогіі савецкай дзяржавы, а як мастацкую з’яву свайго часу”, – кажа гісторык Кацярына Рускевіч у інтэрв’ю, змешчаным на сайце.

Даследчыца Антаніна Сцебур таксама ацэньвае савецкія мазаікі як важную частку культуры, нават нягледзячы на тое, што падчас савецкай улады мастацтва стваралася пад вялікай цэнзурай, а любыя інавацыйныя і авангардныя мастацкія практыкі былі забароненыя. “Нягледзячы на гэта, – разважае даследчыца, – заставаліся асобныя зоны ўнутры мастацтва, якія цэнзураваліся менш, чым іншыя. Зоны адноснай свабоды, дзе мастакі маглі эксперыментаваць, пераадольваць жорсткі дыктат сацыялістычнага рэалізму. Мазаіка – была адной з такіх сфер. Тут мастакі маглі даць больш волі свайму ўяўленню, адкінуць частку рэалістычнага канону”.

Савецкі перыяд развіцця манументальнага мастацтва адносіцца да так званай нязручнай спадчыны, то-бок той, пра якую непрыемна казаць і якой складана ганарыцца. Аднак перакрэсліваць яе не варта, важна вывучаць, ужываючы комплексны і сістэматычны падыход. Антаніна Сцебур расказвае, як з нязручным мастацтвам і спадчынай працуе Берлін: “Калі задумацца, Берлін – гэта горад, па якім, што называецца, гісторыя прайшлася катком, і некалькі разоў. І мне падабаецца, як яны пераасэнсоўваюць сацыялістычную частку свайго горада. Яны не спрабуюць яе “вычысціць”, сцерці – зрабіць выгляд, што яе не было, і не спрабуюць зрабіць з яе турыстычную “клюкву”. Наадварот, яны вельмі акуратна ўбудоўваюць яе ў жыццё сучаснага горада, у архітэктуру”.

Пераасэнсаванне і актуалізацыя – яшчэ адзін кірунак, з якім працуюць стваральнікі Віртуальнага музея мазаікі. Тут прапануюць паглядзець, як будзе выглядаць горад без мазаік, паспрабаваць стыкеры для Telegram з элементаў мастацкіх твораў, зладзіць шпацыр па манументальным мастацтве Бабруйска ды зірнуць сучасным поглядам на вобразы жанчын і мужчын з савецкіх мазаік.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.