У Вільні стартавалі КінаКаляды48 — творчы марафон для аматараў кіно і беларускай культуры з усяго свету.
Сутнасць чэленджу ў тым, што ўдзельнікі і ўдзельніцы праграмы за 48 гадзін мусяць напісаць сцэнар і зняць кароткаметражны фільм па тэме беларускіх Калядаў. Па выніку ўсе створаныя работы аб’ядноўваюцца ў альманах і дэманструюцца на вялікім экране ў кінатэатры. А журы вызначае найлепшых па дзевяці намінацыях. Падрабязней пра праект можна пачытаць тут.
«11 каманд з 4 гарадоў, трох краін выцягнулі жанры, атрымалі аднолькавыя элементы і пачалі 48-гадзінны марафон па здымках калядных фільмаў», — паведаміла адна з арганізатарак праекта Надзея Ількевіч.
У Вільні паказ стужак адбудзецца ў кінатэатры Pasaka Paupys 18 снежня ў 19.00. Уваход бясплатны, але колькасць месцаў абмежаваная — даступна ўсяго 90 квіткоў. Бясплатны квіток можна замовіць тут.
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў пройдзе 21 снежня.
У снежні і студзені паказы стужак будуць адбывацца і ў іншых гарадах, дэталі абяцаюць паведаміць.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram