У чацвер, 17 верасня, у Беларускім Доме адбудзецца прэзентацыя графічна-паэтычнага альбома Сабіны Брыло і Артура Вакарава «Тутэйшы дзэн».
«Тутэйшы дзэн. Словы вершаў Сабіны Брыло на дызайны словаў Артура Вакарава. Да сёння такая графічная эстэтыка была недасяжная аніводнай мове, акрамя японскай. Але ж беларуская – самая маляўнічая? Так. І гэты альбом – доказ. Разгадваць словы і сэнсы – цалкам эстэтскі дзэн. Гуляць, дык гуляць: вялікі фармат, шчыльная папера, дасканалы друк», – гаворыцца ў анатацыі на сайце выдавецтва «Логвінаў».
Дызайнер Артур Вакараў ператварыў беларускія словы ў графічныя «беларускія іерогліфы», якія перадаюць эмоцыі і глыбокія філасофскія сэнсы праз малюнак. «Наша мова, як і іншыя заходнія, алфавітная, — тлумачыць дызайнер. — Працэс чытання – гэта разкадаванне абсалютна нейтральных літар, якія, калі склаліся ў знаёмыя словы і сказы, набываюць сэнс і эмоцыю. З іерагліфічнымі па-іншаму: успрымаецца непасрэдна вобраз.
Cвядомасць не «прамаўляе» словы, знак працуе наўпрост як вобразная адзінка. Таму кажуць, што іерогліфы — гэта больш семантычнае чытанне, а алфавіты — фанетычнае. Я не стараўся адпавядаць канонам класічнай японскай каліграфіі (гэтым і без мяне займаюцца дастаткова шмат людзей). Ды і немагчыма дасканала перадаць нашу кірыліцу і лацінку праз наяўныя кампаненты іерагліфічнага пісьма. Я ўзяў агульны настрой: складанасць, графічнасць, разнастайнасць. Скарыстаў галоўны прынцып, што іерогліф – гэта карцінка з гісторыяй і эмоцыяй. Тое, што пры чытанні іерогліфаў вока чытача спыняецца, разглядае. Так, іерогліфы патрабуюць больш высілкаў для прачытання, але лепш запамінаюцца, як філасофскія сэнсы. Дзесьці бачыў трапную метафару, што алфавітнае чытанне – гэта маршрут па знаёмай вуліце, а іерагліфічнае – павольны шпацыр па парку».
Прэзентацыя адбудзецца 17 верасня ў 19.00 у Віленскім беларускім музеи імя Луцкевіча, Vilniaus 20, Вільня
Уваход вольны.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram