У Вільні на грошы, сабраныя беларускай дыяспарай, адкрылі «Чытальню»

У Вільні адкрылася «Чытальня» — бібліятэка, прафінансаваная беларускай дыяспарай, піша Радыё «Свабода».

Бібліятэку пры Цэнтры беларускай супольнасці і культуры абнавілі. Цяпер у яе новая назва — «Чытальня», неўзабаве запрацуе сайт з электронным каталогам і магчымасцю замовы і браніравання, чытацкі клуб, з’явяцца новыя кнігі класікаў і сучасных аўтараў. Навіны пра запуск і адрас сайту апублікуюць у сацыяльных сетках бібліятэкі, паведаміла менеджарка ўстановы Таццяна Ігнацьева.

Абнаўленні адбыліся ў рамках праекта па самакіраванні на грошы, сабраныя беларускай дыяспарай на платформе «Новая Беларусь». З падатковых адлічэнняў беларусаў у Польшчы і Літве ўдалося сабраць 13 тысяч еўра.

Упершыню публічная беларуская бібліятэка з’явілася ў Вільні ў 1904 годзе, і называлася бібліятэка-чытальня «Веды». Актыўным чытачом і на нейкі час супрацоўнікам той бібліятэкі быў Янка Купала. Беларуская супольнасць у незалежнай Літве аднавіла публічную бібліятэку. У кніжным фондзе — каля 3 тысяч кніг.

Аснову кніжнага фонду бібліятэкі склалі кнігазборы, падараваныя беларусамі-віленчукамі Янкам Тулейкам, Аляксеем Анішчыкам, Алегам Мінкіным, сем’ямі Вітушкаў і Дубаўцоў. Гэта працяг традыцыі, якую заклаў грамадскі дзяяч Барыс Даніловіч, заснавальнік бібліятэкі-чытальні «Веды», распавяла «Свабодзе» актывістка Цэнтра беларускай супольнасці і культуры і кіраўніца музея Івана Луцкевіча Людвіка Кардзіс.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.