У віленскай прасторы CreateCulture Space адкрыецца выстава акварэлей Уладзіміра Шапавалава пад назвай «The play of light».
Экспазіцыя выставы расказвае гледачу не столькі пра архітэктуру і ландшафты, колькі пра ўражанні ад сустрэчы з імі. Праз колер, форму і вылучэнне маленькіх, не заўважных на першы погляд дэталяў аўтар перадае атмасферу месца, яго характар, свае эмоцыі і адчуванні.
Работы Уладзіміра Шапавалава змяшчаюць рэчаіснасць, пакідаючы ў ёй зацішнае месца, у якім можна схавацца і разам з мастаком назіраць за тым, што адбываецца. Гэтая кранальная рэчаіснасць – з расколінамі, шурпатасцю – нагадвае нам пра нашыя сустрэчы з падобнымі куткамі, вуліцамі, краявідамі. Бо менавіта гэта часцей за ўсё замацоўваецца ў памяці.
Мастак адзначае: «Чым глыбей я апускаюся ў тэхніку акварэлі, тым больш упэўненасці знаходжу ў самым медыуме. Я дазваляю матэрыялу займаць больш актыўную ролю ў творчым працэсе і канцэнтруюся на ключавых сілуэтах і дэталях, у той час як іншыя элементы малюнка свабодна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, як расфакусаваныя кадры».
Уладзімір Шапавалаў нарадзіўся ў 1989 годзе ў Мінску. У 2005-2008 гадах вучыўся ў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў, пасля чаго паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на факультэт станковай графікі, скончыў магістратуру.
На дадзены момант мастак удзельнічае ў літоўскіх і міжнародных пленэрах і выставах. Пачынаючы з 2009 года, Уладзімір бярэ ўдзел у шматлікіх выставах, напрыклад, яго работы ад Беларусі былі прадстаўлены на міжнародным сімпозіуме акварэлі «Fabriano in Aquarello» (2018, 2019, 2020 і 2022). У 2022-2023 гадах ён заняў трэцяе месца ў катэгорыі «Гарадскі пейзаж» на першым міжнародным конкурсе акварэлі ў Сант’яга.
Дата: 24 кастрычніка а 19:00
Месца: Karmelitų gatvė 5, CreateCulture Space
Уваход: free donation, па рэгістрацыі
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram