У Віленскім беларускім музеі экспануецца прывезеная з Германіі калекцыя Юрыя Попкі – фотафакт

Віленскі беларускі музей імя Луцкевіча папоўніўся калекцыяй Юрыя Попкі. Яна экспануецца ў музеі падчас Тыдня беларускай культуры.

Калекцыя беларускага грамадскага дзеяча і пісьменніка Юрыя Попкі была перавезена з Германіі ў Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча вясной 2026 года актывістамі аб’яднання Razam.

Рэчы з калекцыі Брыя Попкі. Фота: Радыё Рацыя

Юрый Попка – адзін з самых вядомых дзеячаў беларускай эміграцыі ў Германіі, які ў горадзе Ляймен стварыў прыватны беларускі музей. У яго фондах сабраліся ўнікальныя артэфакты і кнігі з ЗША, Канады, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, нават з СССР, з Польшчы з Падляшша. Калекцыя беларускай спадчыны адметная яшчэ і тым, што яе збору дапамагалі многія вядомыя беларусы. Сярод іх навуковец, прафесар матэматыкі ўніверсітэта ў Мэрылендзе Барыс Кіт, захаваннем экспанатаў апекаваўся Пётра Садоўскі, былы дэпутат Вярхоўнага Савета і першы амбасадар незалежнай Беларусі ў Германіі.

Фота: belarusrazam

Музей Юрыя Попкі пасля смерці свайго ўласніка ў 1990 годзе спыніў існаванне, а калекцыя апынулася на паддашку.

На выставе прадстаўленыя 322 экспанаты, сярод якіх кнігі, газеты і паштоўкі. Гэта толькі трэцяя частка з таго, што было ў музеі Юрыя Попкі і тое, што захавалася.

З беларускімі актывістамі супрацоўнікі Музея імя Луцкевіча дамовіліся пра сталае экспанаванне калекцыі Юрыя Попкі ў Беларускім доме, але адразу паказаць наведнікам экспанаты не ўдалося, бо ў рэчах калекцыі знайшлі жука-скураеда. Давялося змясціць частку экспанатаў у каранцін, у тым ліку патрымаць іх у маразільніках.

Фота: belarusrazam

Юрый Попка марыў, што яго музей знойдзе сваё прыстанішча ў Пружанах пасля аднаўлення беларускай незалежнасці.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!