У Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча адкрылася выстава мастачкі з Падляшша Малгажаты Дмітрук

Выстава пад назвай «Лінія пераходу» прафесаркі Акадэміі мастацтваў у Варшаве Малгажаты Дмітрук адкрылася ў Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча.

Малгажата Дмітрук. Фота: Цэнтр беларускай культуры

Малгажата Дмітрук нарадзілася на Падляшшы, некалькі гадоў вучылася ў Беларускай акадэміі мастацтваў, завяршыла прафесійную адукацыю ў варшаўскай Акадэміі мастацтваў.

«Беластоцкі край мяне натхняе», — кажа мастачка. Творчасць Малгажаты Дмітрук бярэ пачатак у сямейным досведзе, глыбока ўкаранёным у культуры і звычаях польска-беларускага памежжа і беларускай меншасці Падляшша.

Фота: Радыё Рацыя

Галоўная праца выставы «Лінія пераходу» – шматметровая тэкстыльная кампазіцыя, прысвечаная падзеям на беларуска-польскай мяжы. Над ёй яна працавала амаль два гады, пастаянна маніторыла навіны на мяжы, задаючы сабе пытанне, чаму ў яе родных мясцінах гінуць маці з дзецьмі.

Гэты твор не толькі пра пераход дзяржаўнай мяжы, але пра пераход з лесу на поле, з поля ў вёску, з вёскі ў горад. «Мяняюцца поры года, мяняюцца стадыі жыцця чалавека ад калыскі па глыбокую старасць», — адзначае мастачка.

І яшчэ адна важная тэма – змена цемры на святло: кампазіцыя ўражвае сваімі фактурамі і кантрастамі, а трагічныя сцэны нечакана змяняюцца светлымі краявідамі.

Фота: сацсеткі

Свае тэкстыльныя творы Дмітрук часта стварае са знойдзеных, падораных і перададзеных у спадчыну тканін і нітак, што ўтрымліваюць у сабе памяць і гісторыю. Напрыклад, адзін з прадстаўленых на выставе твораў «Калыханка» мастачка стварыла, вышыўшы на коўдры сваіх дзяцей словы традыцыйнай калыханкі з вёскі Мокрае каля Бельска Падляшскага, якую спявала яе бабуля.

«Калыханка». Фота: Цэнтр беларускай культуры

Серыя літаграфій «Камбінат» прысвечана Дзмітрыю Малаткову, мастаку і друкару, які пры мастацкім камбінаце кіраваў друкарскай майстэрняй у Мінску. Мастачка працавала ў майстэрні, калі вучылася ў беларускай Акадэміі, а пазней адмыслова прыязджала з Варшавы, каб прафесійна надрукаваць свае літаграфскія працы.

Серыя літаграфій «Камбінат». Фота: Цэнтр беларускай культуры

Стылістыка мастачкі адметная і пазнавальная: атрымаўшы прафесійную адукацыю ў двух акадэміях, яна імітуе малюнак прымітывістаў і дзяцей, каб захаваць непасрэднасць творчага самавыяўлення. Каб падымаючы складаныя, часам жахлівыя тэмы, утрымаць пранізлівую шчырасць.

Выстава будзе працаваць да 28 чэрвеня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!