У пастаяннай музейнай экспазіцыі філіяла Віцебскага абласнога краязнаўчага музея — гарадской ратушы — адкрылася фотаатэлье і выстава «ПроФОТО», прысвечаная гісторыі фатаграфіі горада XIX – пачатку ХХ стагоддзяў.
На выставе паказваюць працы віцебскіх фатографаў, у тым ліку — фатографа-вынаходніка Жыгімонта Юркоўскага (1833-1901), які ў 1867 годзе адкрыў тут першае фотаатэлье, што прапрацавала 38 гадоў.
У экспазіцыі размясціліся больш за дзясятак фотаапаратаў розных гадоў вытворчасці СССР, Еўропы, ЗША, Японіі з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, паведамляе газета «Віцьбічы».
Самы стары экспанат на выставе — фотаапарат Voigtlander Bessa, які выпускалі ў Германіі з 1929-га па 1949-ты год, а самы новы — фотаапарат NIKON F5 (Японія), выраблены ў 1996-2004 гадах. Ён трапіў у калекцыю ад вядомага віцебскага фатографа Аляксандра Глебава. Яго перадаў у музей Віцебскі дызайнер Аляксандр Вышка, які таксама з’яўляецца аўтарам мастацкага афармлення экспазіцыі.
Частка экспазіцыі выставы прысвечана гісторыі першага на тэрыторыі Беларусі Віцебскага фатаграфічнага гуртка.
Рэтрафотастудыя задумана як інтэрактыўная прастора, акрамя агляду выставы тут можна замовіць стылёвы партрэт і паслухаць старую кружэлку на грамафоне.