На верхнім ярусе вежы Гедыміна Лідскага замка адкрылася археалагічная выстава пад назвай «Скарбы археалогіі».
На выставе паказалі ўнікальныя артэфакты з фондаў музея. Усе яны знойдзеныя пры раскопках замка.
У адкрыцці выставы прымаў удзел кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў, які на працягу некалькіх гадоў вёў раскопкі Лідскага замка.
Выстава ў Лідскім замку будзе працаваць некалькі месяцаў.
Гісторыя замка абарончага тыпу ў Лідзе сягае ў 1323 год, калі князь Гедымін загадаў заснаваць у Лідзе мураваны замак. Новы абарончы фарпост прынёманскіх зямель будаваўся каля пяці гадоў. Лідскі замак уваходзіў у абарончы пояс, створаны на заходніх межах Вялікага Княства Літоўскага для абароны ад нападаў крыжакоў.
У Беларусі даследаванне замка распачаў археолаг Міхась Ткачоў, які вызначыў, што замак збудаваны на пясчанай падушцы, а паўночна-ўсходняя вежа ўзведзена пасля 1384 г. або на мяжы XIV-XV стагоддзяў, гэта значыць пазней за паўднёва-заходнюю. У 1974 г. шурфоўку замкавага двара ажыццявіў Яраслаў Звяруга, але ва ўсіх 12 шурфах выявіў толькі перамешаны культурны слой.
З 1977 года замак актыўна даследавалі Алесь Краўцэвіч і Алег Трусаў.
Апрацаваная i часткова адрэстаўраваная калекцыя археалагічных знаходак спачатку захоўвалася ў Лідскім краязнаўчым музеі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram