Пяціметровы вадалаз у памаранчава-чырвоным сканфандры з’явіўся ў Варшаве на Шлёнска-Дамброўскім мосце з боку раёна Прага. Гэта самае вялікае графіці беларускага стрыт-мастака Міхася Мішука: колькасць постараў-вадалазаў аўтара ў Варшаве дасягнула лічбы 199.
Дакладныя памеры фігуры: 520 сантыментраў у вышыню і каля 300 сантыментаў у шырыню. Ідэя менавіта гэтага вобраза ў тым, што вадалаз стаіць у вадзе. Задумка раскрыецца з часам, калі ўзровень вады ў Вісле падымецца, дзеліцца мастак.
Каб прыляпіць выяву вядомага персанажа ў вадалазным касцюме на апору вялікай канструкцыі, Міхасю Мішуку спатрэбілася дапамога. Реалізаваць праект яму ўдалося дзякуючы ўдзелу сяброў і каханай дзяўчыны: Максіма Крука, Аляксея Урублеўскага, таварыша Х і Валерыі Баравец.
Міхась Мішук прыдумаў аблічча персанажа вадалаза яшчэ ў 2013 годзе. Ён заканчваў вучобу ў Акадэміі мастатцваў у Мінску і не ведаў, што рабіць далей.
«Тады і прыйшоў вобраз вадалаза — чалавека, якога нясе ў плыні жыцця і выкідвае ў нейкіх незразумелых месцах. А скафандр — гэта такі касцюм, які абараняе цябе ад знешняга свету», — падзяліўся ён з Reform.news.
Калі жыццё ўсталявалася, мастак забыўся на свайго героя. Але персанаж вярнуўся, калі здарыўся 2020 год. Турбулентнасць, эміграцыя — і Міхась Мішук зноў узгадаў той стан, «калі не ведаеш, што будзе заўтра і ў якім месцы апынешся. Куды, што называецца, цябе вынесе». Тысячы беларусаў раз’ехаліся па свеце.
На сёння толькі ў Варшаве колькасць постараў вадалазаў — Міхась Мішук малюе свайго персанажа на макет, а потым лепіць на сцены будынкаў, канструкцый і гэтак далей — дасягнула лічбы 199. Таксама рознакаляровага героя можна сустрэць на вуліцах Лодзі, Гданьска, Вільнюса, Берліна, Капенгагена…
«Што будзе далей з маім героем? Я не ведаю. Магчыма, ён знікне, як гэта адбылося восем гадоў таму, а магчыма — будзе вандраваць па свеце і з’яўляцца ў розных краінах. Увогуле вобраз вадалаза, якога нясе ў плыні жыцця і выкідвае ў невядомых месцах — зараз вельмі беларуская гісторыя», — кажа творца.
Чытаць інтэрв’ю з Міхасём Мішуком можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram