У Варшаве перапахаваюць парэшткі пісьменніка Сяргея Пясецкага

На вайсковых могілках Варшавы 29 верасня перапахаваюць парэшткі пісьменніка Сяргея Пясецкага, удзельніка польска-бальшавіцкай вайны, афіцэра разведкі, салдата Арміі Краёвай, шпіёна, кантрабандыста, аўтара культавага рамана «Каханак Вялікай Мядзведзіцы».

Сяргей Пясецкі нарадзіўся ў Беларусі і апісаў у сваіх творах польска-бальшавіцкую і Другую сусветную войны, а таксама жыццё кантрабандыстаў на польска-савецкім памежжы.

Пісьменнік памёр у 1964 годзе і быў пахаваны ў Вялікабрытаніі, на могілках Бора ў Гасцінгсе, на яго надмагільным камяні высечаная сузор’е Вялікай Мядзведзіцы, якім карысталіся кантрабандысты, пераходзячы савецка-польскую мяжу пад Ракавам. Інстытут нацыянальнай памяці, узгадніўшы з сям’ёй Пясецкага, узяў на сябе абавязацельства эксгумаваць парэшткі пісьменніка і даставіць іх у Варшаву, паведамляе Інстытут.

Сяргей Пясецкі нарадзіўся 1 красавіка 1901 года ў Ляхавічах на Навагрудчыне. Ён быў пазашлюбным дзіцём збяднелага шляхціца Міхала Пясецкага і беларускай сялянкі Клаўдзіі Кулаковіч.

У 1917 годзе ён стаў сведкам пачатку рэвалюцыі ў Маскве. Бальшавіцкі тэрор настолькі яго ўразіў, што ў Мінск у 1918 годзе ён прыязджае свядомым антыкамуністам. Пясецкі ваюе з бальшавікамі спачатку ў шэрагах беларускай партызанкі (у атрадах «Зялёнага Дуба», атаманам якога ён прысвяціў раздзел «Забытыя героі» сваёй кнігі «Ніхто дабром не дасць збаўлення», якая выйшла у 1947 годзе), а пазней далучаецца да Літоўска-Беларускай дывізіі польскага войска. Пасля пераязджае ў Ракаў, які знаходзіўся на мяжы з Савецкай Беларуссю, і займаецца кантрабандай, адначасова выконваючы на тэрыторыі Беларусі функцыі агента польскай ваеннай разведкі. Ён удзельнічаў у абароне Варшавы ў 1920 годзе. Пасля ў 1926 годзе быў звольнены са службы, за бандыцкі налёт яго прысудзілі да смяротнага пакарання, але замянілі вырак на 15 гадоў турмы.

Праз гады яго адвакат Адам Прагье так ахарактарызаваў гэты перыяд: «[Пясецкі] быў не тыпам бандыта або злодзея, а хутчэй тыпам авантурыста XVII стагоддзя, які заблукаў у наш час».

У турме Сяргей Пясецкі зведаў глыбокую духоўную трансфармацыю. Яго дэбютны раман «Каханак Вялікай Мядзведзіцы», у якім аўтар апісаў жыццё кантрабандыстаў на польска-савецкім памежжы каля мястэчка Ракаў, быў прызнаны самай папулярнай кнігай 1937 года, раман быў пераведзены ў агульнай складанасці на 16 моў. За пісьменніка заступаліся многія культурныя дзеячы, у тым ліку вядомы журналіст і пісьменнік Мельхіёр Ваньковіч, які дапамог выдаць раман.

У час Другой сусветнай вайны Сяргей Пясецкі быў жаўнерам Арміі Краёвай, кіраваў падраздзяленнем, якое выконвала смяротныя прысуды, вынесеныя падпольнымі польскімі ўладамі. У 1946 годзе нелегальна выехаў з Польшчы ў эміграцыю, жыў у Вялікабрытаніі, дзе працягваў літаратурную творчасць.

Творы Пясецкага ў асноўным грунтуюцца на аўтабіяграфічных матывах. Напраклад, падзеі «Запісак афіцэра Чырвонай Арміі» разгортваюцца ў Заходняй Беларусі і на Віленшчыне ў часы савецкай акупацыі 1939-1941 гадоў, а «Менская трылогія» апісвае жыццё крымінальнага свету Мінска ў 1918-1919 гадах. Многія творы Сяргея Пясецкага перакладзены на беларускую мову.

***

Пахавальная цырымонія пачнецца 29 верасня а 12:00 святой імшой у Кафедральным касцёле Польскага Войска (Варшава, ul. Długa, 13/15). А 14:00 ад брамы Вайсковых могілак пойдзе пахавальная працэсія. Пісьменніка пахаваюць у квадраце A18, шэраг 1, месца 29.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!