На адкрыцці выставы. Фота: Аліны Мазавец
У варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі адкрылася выстава «Беларусь Напалеона Орды», на якой паказалі 19 літаграфій творцы ХІХ стагоддзя з краявідамі і архітэктурнымі помнікамі Беларусі. Гэтыя творы мастака і кампазітара Напалеона Орды былі выкупленыя ініцыятывай MALDZIS. Яшчэ 11 літаграфій з краявідамі Літвы, Польшчы і Украіны размясцілася на выставе ў стэндах. Уся гэтая калекцыя з 30 літаграфій некалі адправіцца на радзіму мастака ў Варацэвічы, дзе адноўлена родавая сядзіба і знаходзіцца музей творцы, у якасці грамадскага падарунка. Цяпер у музеі Напалеона Орды захоўваецца толькі адна літаграфія мастака.
Гэтыя літаграфіі былі створаныя ў Варшаве Алаізам Місуровічам у майстэрні Максімільяна Фаянса ў 1870-ыя гады паводле малюнкаў Напалеона Орды і з ягонымі арыгінальнымі подпісамі. Літаграфіі былі надрукаваныя ў альбоме гістарычных відаў Рэчы Паспалітай («Album Widokόw Historycznych Polski poświęcony Rodakom zrysowany z natury przez Napoleona Ordę»). Выданне альбома фінансаваў сам Напалеон Орда.
На выставе паказалі творы з выявамі замкаў, палацаў, касцёлаў і сядзібаў у такіх гарадах і вёсках Беларусі, як Шаўры, Ліда, Крэва, Геранёны, Гейстуны, Дзевятня, Жамыслаўль, Нясвіж, Мір, Наваградак, Грушаўка, Смольгаў, Лагойск, Бялынічы, Гомель, Асвея, Камянец, Скокі, Высокае.
На адкрыцці выступілі прадстаўнікі інцыятывы MALDZIS. Рыгор Астапеня нагадаў, што Напалеон Орда – стварыў візуальную гісторыю Беларусі, якую сёння мы можам пабачыць, бо частка таго, што ёсць на гэтых фатаграфіях, на вялікі жаль, знішчана.
Павел Мацукевіч казаў, што мы лічам Орду сваім, беларусам, але тым не менш пазіцыянуем яго як вялікую асобу, якая яднае нашу краіну са іншымі краінамі Еўропы, што важна для супрацы і лепшага разумення адзін аднаго.
На пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі пра мастака амаль забыліся, пачатак вяртання гэтага імя ў грамадскую свядомасць адбыўся напрыканцы 1960-х гадоў, і адных з тых людзей, якія вывучалі творчасць Орды, быў Адам Іосіфавіч Мальдзіс, у гонар якога названая ініцыятыва.
Мастацтвазнаўца Дзмітрый Салодкі прачытаў лекцыю пра Напалеона Орду, падчас якой патлумачыў, як трэба разумець гэтыя творы — не як прыгожыя архітэктурныя краявіды, а як своеасаблівае пасланне з прыхаванымі сэнсамі.
Па-першае, літаграфіі ствараліся не для таго, каб іх вешаць на сцены, яны прызначаліся для адмысловых альбомаў.
Па-другое, гэтыя выявы з відамі сядзібаў, замкаў ці помнікаў мелі глыбокі сімвалічны, прыхаваны ад расійскіх цэнзараў сэнс. Бо найперш гэта былі выявы месцаў «пасіянарных»: тут нарадзіліся знакамітыя людзі ці адбыліся важныя гістарычныя падзеі.
…Радзіма Манюшкі, радзіма Касцюшкі, радзіма Дуніна-Марцінкевіча, Міцкевіча, Чачота… Орда ўвасабляў мемарыяльныя мясціны герояў-патрыётаў, паўстанцаў 1831 і 1864 гадоў, дзеячоў культуры.
Да мастацтва Орда прыйшоў у даволі сталым узросце. За плячыма ўжо было паўстанне 1831 году, эміграцыя, паспяховая кар‘ера кампазітара, еўрапейская вядомасць, сяброўства з Шапэнам і Міцкевічам.
У Парыжы Орда атрымаў мастацкую адукацыю ў студыі вядомага майстра архітэктурнага пейзажу П’ера Жэрара. Першыя цыклы малюнкаў Напалеона Орды з’явіліся пасля ягонага падарожжа ў 1840–1842 гадах па Францыі і Рэйнскай вобласці. Потым былі цыклы, прысвечаныя Іспаніі, Партугаліі, Алжыру.
На радзіму ў Варацэвічы Орда вяртаецца па амністыі ў 1856 годзе. З 1860-х гадоў, у тым ліку падчас паўстання, і амаль да канца свайго жыцця Орда шмат падарожнічаў па ўсёй Беларусі, рабіў архітэктурныя замалёўкі ў тэхніцы алоўкавага малюнка, падмаляванага акварэллю, гуашшу ці сепіяй. Гэтая тэхніка была найбольш прыдатнай для фіксацыі архітэктурных краявідаў ва ўмовах падарожжа.
Дзве траціны з зафіксаваных ім аб’ектаў у больш чым 1150 малюнкаў і акварэляў, ужо не існуе, альбо іх знешні выгляд істотна змяніўся.
У 1873 годзе Напалеон Орда пачаў выдаваць уласным коштам «Album Widokow Historycznych». Было выдадзена толькі 260 літаграфій паводле яго малюнкаў у васьмі альбомах (з іх каля 150 — па беларускіх землях).
Восенню 1882 года цяжкахворы Орда з’ехаў у Варшаву, дзе лекаваўся ў клініцы. Там ён памёр у 1883 годзе. Паводле яго тэстаменту, яго пахавалі ў радавым скляпенні ў Янаве. Магіла не захавалася, а надмагільная пліта знаходзіцца ў Пінскім музеі.
Творчым і жыццёвым крэда мастака былі вельмі сімвалічныя словы: «Хто хоць жменяй зямлю носіць, той зможа насыпаць гару».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram