У Варшаве абвешчаны лаўрэат паэтычнай прэміі імя Наталлі Арсенневай — фотафакт

Сёння, 27 траўня, у варшаўскім Новым Тэатры быў абвешчаны лаўрэат прэміі імя Наталлі Арсенневай. Ім стаў Ігар Кулікоў з кнігай «Нетутэйшая далечыня» (выдавецтва Янушкевіч, 2025). Прэмія прысуджана аўтару за метафізічную адвагу ў працы з мовай і стварэнні апрычонага мастацкага свету.

Ігар Кулікоў (у цэнтры) з дыпломам пераможцы. Фота: reform.news

Сёлета праца журы была асабліва складанай, пра што на цырымоніі расказала Наста Кудасава: «Была вялікая адказнасць, многа перажыванняў, нават бяссоныя ночы часам здараліся. Бо ты не можаш зрабіць для ўсіх добра і мусіш выбіраць. А паэзія – гэта тое, з чаго ты насамрэч не можаш выбіраць, таму што кожны мае свой голас. А кожны голас – заўсёды цуд».

Выступ шортлістара прэміі Іллі Кульбіцкага. Фота: reform.news

Цырымонія пачалася з хвіліны маўчання, якой ушанавалі памяць паэткі Раісы Баравіковай, а таксама паэта і выдаўца Рамана Цымберава. Яе абвясціла старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай. Яна таксама нагадала, што ў няволі знаходзіцца не менш за 24 чалавекі слова, і не менш за 340 кніг у Беларусі забаронены. Яны знаходзіцца ў афіцыйным спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, але ў гэты спіс не ўваходзяць кнігі, якія забаронены негалосна.

Ад імя яшчэ аднаго арганізатара прэміі — Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў – выступіў Ціхан Чарнякевіч, які згадаў патронку прэміі Наталлю Арсенневу, якая нечакана, будучы рускамоўнай, пачала ў Вільні ў 1920 годзе пісаць вершы на беларускай мове.

Наста Кудасава чытае вершы Макса Шчура. Фота: reform.news

Выступы шортлістараў суправаджала музыка гурта «Lity Taler», які напрыканцы прадставіў сваю музычную праграму, працаваў кніжны кірмаш ад беларускіх выдаўцоў.

Вядоўцай цырымоніі была Крысціна Дробыш.

Абвяшчэнне пераможцы. Вядоўца Крысціна Дробыш, сябры журы — Наста Кудасава і Андрэй Хадановіч. Фота: reform.news

Нагадаем, што сёлета ў сёлета ў лонг-лісце было 10 кніг:

  • «2/3» – Фелікс Аксёнцаў.
  • «Анатомія» – Артур Камароўскі.
  • «Нетутэйшая далечыня» – Ігар Кулікоў.
  • «Хроніка адмаўлення пустаты» – Ілля Кульбіцкі.
  • «Той, хто смяецца» – Ілона Мядунка.
  • «Праспект Нежалезнасці» – Мікіта Найдзёнаў.
  • «Кровазварот» – Юлія Цімафеева.
  • «Чайны збор. Выбраная постпаэзія 2007–2025» – Макс Шчур.
  • «Надзейны сродак ад прывідаў» – Ганна Янкута.
  • «Śviata žyćcia» – Frydrych Samotny.

З іх у кароткім спісе апынуліся кнігі Іллі Кульбіцкага, Макса Шчура і Ігара Кулікова.

Арганізатары паэтычнай прэміі імя Наталлі Арсенневай: Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!