У Варшаўскім універсітэце пройдзе навуковая канферэнцыя пра польска-беларускія моўныя, літаратурныя, культурныя і гістарычныя сувязі

У панядзелак, 7 красавіка, кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта правядзе міжнародную навуковую канферэнцыю «Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, культурныя і гістарычныя сувязі».

Канферэнцыя распачнецца дакладам Антона Саіфулаева «Праблема (не)ведаў пра Беларусь на Захадзе». Уладзімір Лобач раскажа пра курс «Беларусазнаўства», які распрацоўвае нядаўна створаны Інстытут беларускай мовы ў Познані. Жанна Некрашэвіч-Кароткая прысвяціць выступ тэме «Лацінамоўная спадчына і нацыянальнае пісьменства: стратэгіі (дэ)кананізацыі».

Канферэнцыя штогадовая, але сёлета яе праграма пашыраная. Калі раней працавалі дзве секцыі — мовазнаўства і літаратуразнаўства, цяпер некаторыя даклады будуць прысвечаны 10-годдзю працоўні, якая займаецца выкладаннем беларускай мове за мяжой, а адну з секцый прысвецяць творчасці Альгерда Бахарэвіча.

Напрыклад, загадчык кафедры Андрэй Масквін разгледзіць творчасць Альгерда Бахарэвіча ў кантэксце дэкаланізацыі. Катажына Дрозд-Урбаньска – у кантэксце еўрапейскім, Мануэль Гілардучы паразважае пра раман «Сабакі Эўропы» як пра магічны рэалізм. Пісьменнік будзе прысутнічаць на канферэнцыі ў якасці спецыяльнага госця.

У секцыі, прысвечанай методыкам навучання беларускай мове, паразважаюць пра мову і тоеснасць, матывацыю вывучэння беларускай мовы сярод дарослых беларусаў і шляхі пераадолення тыповых памылак. Прафесар універсітэта ў Банска-Быстрыцы Вікторыя Ляшук распавядзе пра канцэптуальныя аспекты выкладання беларускай мовы ў Славакіі ў параўнанні з Польшчай.

На пасяджэнні секцыі літаратуразнаўства прааналізуюць творчасць паэта Алеся Разанава, разгледзяць экзатызацыю вобраза літоўца ў творах Уладзіміра Караткевіча і беларускую драматургію пасля 2020 года, паразважаюць пра траўматычны досвед 2020 года ў беларускай паэзіі.

З праграмай і падрабязным раскладам секцый можна пазнаёміцца тут.

Падзея будзе адбывацца па адрасе Варшава, Dobra, 55 (аўдыторыі 1008, 2511, 3037)

На канферэнцыю ўваход вольны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!