31 студзеня Concordia Choir дае першы канцэрт з цыклу «Гучыць Скарынаўка».
У межах музычна-асветніцкага праекта «Гучыць Скарынаўка» будуць выконваць музычныя творы рэпрэсаваных беларускіх аўтараў, якія падчас і пасля Другой сусветнай вайны аказаліся ў вымушанай эміграцыі. Часткова гэта аўтары, якія прайшлі турмы і лагеры, але пасля вызвалення працягнулі творчы шлях у беларускім напрамку: пісалі вершы, стваралі музыку і пакінулі вялікую беларускую культурную спадчыну.
Адзін з іх — кампазітар Мікола Куліковіч, аўтар музыкі «Пагоні». Пасля рэпрэсій у 1944 годзе ён быў вымушаны пакінуць Радзіму, да гэтай пары забаронены ў Беларусі.
Некаторыя яго творы даходзілі да Беларусі пад псеўданімамі Шчаглоў, Шчагло-Куліковіч, але так і не атрымалі шырокага прызнання.
Шмат музычнай спадчыны, якую пакінуў Мікола Куліковіч, яшчэ ніколі не была прадстаўлена слухачам. Сярод яго твораў: оперы, аперэты, вакальна-інструментальная музыка, харавыя духоўныя творы, харавыя песні на тэксты беларускіх паэтаў, апрацоўкі беларускіх народных песень ды іншае. У межах гэтага канцэрту прагучаць літургічныя творы — невялікая частка цэлага пласта духоўнай спадчыны Куліковіча.
Калі творцы не стала, яго жонка, спявачка, перадала ў музейны архіў беларускай бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане 9 вялікіх скрыняў. Там былі не толькі ноты, а і паштоўкі, лісты, афішы, музычная крытыка, аб’яўкі і этнаграфічныя матэрыялы. А таксама – рукапісы яго опер.
Аўтарка праекта «Гучыць Скарынаўка» Галіна Казіміроўская — мастацкі кіраўнік і дырыжор Вольнага хору і Concordia Choir — працавала над прафесійным алічбаваннем музычнага архіву ў лонданскай бібліятэцы імя Францыска Скарыны, дзе захоўваецца цэлы скарб беларускай музычнай спадчыны, што 50 гадоў чакаў свайго часу. Вынікам гэтай працы было запланавана стварыць Музычны аддзел у «Скарынаўцы» — самай вялікай беларускай бібліятэцы па-за межамі краіны. «Ноты, кнігі, кружэлкі, касеты — усё, што мае дачыненне да музыкі, у бліжэйшыя часы будуць апісаны, занесены ў каталог, алічбаваны і такім чынам стануць вядомымі і дасяжнымі для ўсіх зацікаўленых», — дзялілася сваімі планамі Галіна Казіміроўская.
На канцэрце ў касцёле святога Аляксандра літургічныя творы Куліковіча ў апрацоўцы Гая Пікарды і Галіны Казіміроўскай і ў беларускім перакладзе айца Аляксандра Надсана ўпершыню прагучаць па-беларуску ў выкананні камернага хору a capella.
Уваход вольны, вітаюцца данаты.
Дата: 31 студзеня
Час: 19.00 (час мясцовы)
Месца: царква святога Аляксандра, плошча Трох Крыжоў 10/14, Варшава.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram