Нацыянальная мастацкая галерэя Zachętа адкрыла новую выставу «Слёзы шчасця», на якой была запланаваная адкрытая майстэрня Яны Шостак — беларуска-польскай мастачкі, вядомай перформансамі «Хвіліна крыку, «Papa call me».
Куток-студыя Яны Шостак быў арганізаваны каля лесвіцы. На стале былі размешчаны кнігі і альбомы для малявання, а таксама прыналежнасці для малявання, ляжала запіска, якая тлумачыла, што можна рабіць з усімі гэтымі рэчамі.
Аднак у першы ж дзень працы выставы адбыўся акт вандалізму. Двое маладых людзей селі за стол і пачалі размалёўваць камяні Яны, пісаць у яе альбомах. Ахова не адрэагавала своечасова, таму што майстэрня знаходзілася па-за перыметрам выставы. «Мая праца магла быць для аховы дадатковай нагрузкай, таму што яна знаходзілася ў калідоры з інфармацыяй, што яе можна праглядаць, чапаць. Але не разбураць».
Мы звязаліся з Янай Шостак, каб спытаць, што адбылося.
«Мяне запрасілі, магчыма, таму, што я была намінаваная на конкурс Spojrzenia, які адбывалася ў Zachętа пры папярэдняй уладзе, — тлумачыць Яна. — З куратарскай камандай мы дамовіліся стварыць працу на выставу. Аднак з той прычыны, што я прымаю ў сябе вельмі шмат уцекачоў з Беларусі, у мяне фізічна няма месца для творчасці, таму я магла працаваць непасрэдна на выставе. Аднак папрацаваць там я не паспела».
На стале ляжала запіска, на якой было напісана, што можна кранаць прадметы, праглядаць і інспіравацца. Магчыма, нехта няправільна зразумеў слова «інспіравацца».
«Аднак не напісана было знішчаць, — адказвае Яна. — Наколькі мне вядома ў дадзены момант, быў замаляваны мой нататнік і зніклі некаторыя рэчы».
Мастачка больш за ўсё шкадуе, што скрадзена шаль з выявамі беларускіх палітвязняў.
Таксама ў сшытку, які ляжыць на стале, чырвонай фарбай намалявалі скрыжаваныя серп і молат. Пад ёй напісалі маркерам «a new world will rise from the ashes of the old» — «новы свет паўстане з попелу старога».
«Мы разглядалі студыю як прастору, гасцінна прадстаўленую ў рамках выставы, у месцы, дзе быў доступ да дзённага святла і адносная цішыня, але, як мы папярэджвалі Яну, назірання там не было. Рэчы, якія Яна прывезла ў дзень вернісажу, не былі інвентарызаваныя або застрахаваныя, таму што фармальна яны не мелі статусу працы, — патлумачыла адна з куратарак Джаана Корджак выданню «Gazeta Wyborcza». — Гэта, вядома, не значыць, што тое, што адбылося, у парадку. Нам вельмі шкада».
На дадзены момант мастачка вырашыла, што праца застанецца ў тым стане, у якім яна ёсць. Да яе прыклалі лісток, у якім тлумачыцца, што адбылося. Галерэя не паведаміла пра інцындэнт у паліцыю.
Reform.news будзе сачыць за развіццём падзей.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram