Рэканструктары з клуба «Invictus 1863» Кацярына Ваданосава і Васіль Калач. Фота: Музей Вольнай Беларусі
У Дзень палітвязняў Беларусі Х Павільён Варшаўскай цытадэлі — месца, дзе калісьці чакалі прысудаў паплечнікі Кастуся Каліноўскага, — прыняў супольную акцыю Музея Вольнай Беларусі і Музея Незалежнасці Польшчы.
Ідэя праекта з’явілася, калі супрацоўнікі Музея Вольнай Беларусі ўпершыню наведалі турэмныя камеры Цытадэлі і ўбачылі ў вітрынах асабістыя рэчы паўстанцаў XIX стагоддзя: акуляры, лісты і шахматы, злепленыя з хлеба. Дакладна такія ж прадметы беларускіх палітвязняў цяпер захоўваюцца ў калекцыі беларускага музея.
Так памяць пра паўстанне 1863 года сплялася з сучаснымі гісторыямі беларускіх палітвязняў.
Ініцыятарам сустрэчы выступіла Маладзёжная рада Музея Незалежнасці на чале з Бланкай Цібароўскай (Blanka Ciborowska). Адкрываючы мерапрыемства, Бланка звярнулася да гасцей па-беларуску і згадала гістарычнае пахаванне Каліноўскага ў Вільні ў 2019 годзе, калі побач луналі тры сцягі суседніх народаў. Яна таксама закранула хвалю вызваленняў палітвязняў, уключаючы Анджэя Пачобута, нагадаўшы, што за кратамі ў Беларусі дагэтуль знаходзяцца як мінімум 840 чалавек, а рэпрэсіі не спыняюцца. Памяць ахвяраў Цытадэлі і сучасных беларускіх турмаў зала ўшанавала хвілінай маўчання.
Атмасферу паўстання аднавілі рэканструктары з клуба «Invictus 1863» — Кацярына Ваданосава і Васіль Калач. Кацярына паказала «жалобны строй» — чорную вопратку і адмысловыя ўпрыгожванні з патрыятычнай сімволікай, якія пасля разгрому паўстання насілі жанчыны. Гэта было актам грамадзянскага непадпарадкавання, жанчын штрафавалі і арыштоўвалі, але яны не здаваліся. Затым рэканструктары пачалі майстар-клас па тэхніцы бою і ў паветры заблішчалі шляхецкія шаблі.
У межах экспертнай панэлі «Паўстанне 1863 года. Спадчына двух народаў?» беларускія і польскія гісторыкі (Алесь Смалянчук, Васіль Герасімчык, Кшыштаф Бакала і Міхал Цесляк) паразважалі, ці не сцерлася памяць пра 1863 год пад пластам больш блізкіх траўмаў — Другой сусветнай вайны і савецкіх рэпрэсій. Навукоўцы абмеркавалі ролю паўстання, якое адбылося 160 год таму і запусціла незваротныя працэсы фармавання сучасных мадэрных нацый — як польскай, так і беларускай. Закранулі і кантэкст сучаснай Беларусі: сёння ва ўмовах агрэсіўнай прарасійскай палітыкі і выкаранення памяці аб нацыянальных героях за ўшанаванне памяці пра паўстанне Каліноўскага людзям пагражаюць рэальныя турэмныя тэрміны.
Фіналам вечара стала прэзентацыя артэфактаў выставы «Галасы з-за кратаў» Музея Вольнай Беларусі. Спалучэнне халодных турэмных сцен XIX стагоддзя з лістамі і малюнкамі сучасных палітвязняў зрабіла ўражанне на многіх прысутных.
Акцыя двух музеяў паказала, што наша супольная памяць і разуменне кантэксту дапамагаюць ператварыць гістарычную сувязь у рэальную салідарнасць і падтрымку.