«У такі разарваны час немагчыма сабраць і сваё жыццё ў адну гістарычную лінію»: мастак Уладзімір Грамовіч — пра выставу «Руіны Беларусі»

Мастак Уладзімір Грамовіч працуе з тэмамі гісторыі ідэалогіі і палітычных рухаў, даследуе напружанасць паміж мінулым і сучаснасцю. Асаблівая сфера яго інтарэсаў — помнікі, перагружаныя ідэалагічнымі сэнсамі, і рытуалы памяці, увасобленыя ў матэрыяльных аб’ектах.

Цяпер мастак жыве ў Берліне. Нядаўна ён набыў на eBay серыю здымкаў часоў нямецкай акупацыі Беларусі з 1941 па 1944 год. Фатаграфіі разбураных будынкаў былі зроблены нямецкімі салдатамі і захоўваліся ў іх сямейных архівах.

Гэта серыя здымкаў, а таксама іншыя адметныя артэфакты, што патрапілі яму ў рукі, сталі часткай яго берлінскай выставы «Руіны Беларусі».

З аднаго боку, гэта выстава персанальная, з іншага, звязаная з вялікім праектам — архівам VEHA. Здымкі з выставы ў лічбавым фармаце стануць часткай будучай калекцыі з аднайменнай назвай — «Руіны Беларусі».

Паразмаўлялі з мастаком пра сімволіку руін, прыроду памяці і шызафрэнічны музей сучаснасці.

Фрагмент экспазіцыі выставы «Руіны Беларусі». Фота: Леся Пчолка

— Як пачалася ваша калекцыя старых артэфактаў і фотаздымкаў?

— Мае першыя мастацкія праекты былі звязаныя з горадам, пазней я стаў вывучаць тэму руйнавання, мяне цікавілі руіны рознага кшталту і розных эпох.

Час ад часу на розных платформах, напрыклад, на «Куфары», набываў старыя артэфакты. А ў 2018-м купіў здымак Дома ўрада часоў акупацыі Мінска, нават забраў яго з сабой у эміграцыю.

Цяпер, жывучы ў Нямеччыне, стаў шукаць на нямецкім eBay здымкі, звязаныя з Беларуссю. Проста пачаў уводзіць словы: Беларусь, Другая сусветная, 41-43 Мінск ці часцей Weissrussland, бо да гэтага часу ўжываецца назва краіны, асабліва на такіх рэсурсах.

З аднаго боку, гэтыя фатаграфіі цікавілі мяне як аматара з краязнаўчымі памкненнямі, з іншага — па прычыне схаванасці, адсутнасці гэтых здымкаў у шырокім візуальным наратыве афіцыйнай гісторыі Беларусі.

Фрагмент экспазіцыі выставы «Руіны Беларусі». Фота: Леся Пчолка

— А які ён сёння — вялікі наратыў афіцыйнай гісторыі Беларусі, асабліва ваеннага часу? Што ў ім не асветлена, якія гісторыі губляюцца, выслізгваюць? Як іх магчыма кампенсаваць, захаваць?

— Вядома, што тэма Вялікай айчыннай вайны з’яўляецца фундаментам, на якім грунтуецца сучасны наратыў прапаганды і ідэалогіі. Ён хісткі, але іншага няма.

Дзень незалежнасці сучаснай РБ адзначаецца ў дзень, калі вызвалілі Менск ад фашыстаў, але ўсё яшчэ заставаўся СССР. То-бок гэта адначасова і моцны, і слабы бок таго, на чым будуецца сучасная ідэалогія. І любыя рэчы, а іх шмат, якія былі адмыслова не ўзяты, забыты, ці выкраслены з вялікай гісторыі, разбураюць гэтую манаполію на гісторыю і адзіны дакладны погляд на гісторыю. У маім выпадку я «забіраю», авалодваю гэты наратыў, станаўлюся сам «музеем» і «інстытуцыяй».

Фрагмент экспазіцыі выставы «Руіны Беларусі». Фота: Леся Пчолка

— У чым адметнасць здымкаў, зробленых нямецкімі салдатамі?

— Гэтыя здымкі адметныя тым, што погляд на нашыя гарады — іншы, гэта погляд нямецкага салдата, не ахвяры, а ката, погляд каланізатара.

Такі зніклы позірк, што знаходзіцца за фіранкай, дакладней — за цёмнай шторай ідэалогіі і сучаснай беларускай прапаганды.

І мяне цікавіць не сама гісторыя здымка, а функцыянаванне гэтага артэфакта — як гістарычнага аб’екта — у сучаснасці, што ён зараз значыць, як з ім працаваць. І гэта тая дакументацыя вайны, што нам даступная, бо савецкі жаўнер не меў такой магчымасці, бо была ваенная цэнзура. А нямецкія жаўнеры мелі фотаапараты і дасылалі гэтыя здымкі з вайны сваім сем’ям.

На большасці нямецкіх здымкаў адсутнічаюць людзі ці задакументаваныя жахі акупацыі. Гэта таксама цэнзураваны погляд, але ўжо самага акупанта, які глядзіць на заваяваную прастору як на вычышчаную ад людзей.

— Ці ў архіве будзе існаваць нейкі асобны раздзел, скажам, нямецкі погляд на нашы руіны? Як будзе пададзены гэты корпус здымкаў?

— Там будзе перыядызацыя, якая сама па сабе падкажа, што гэтыя здымкі ваенныя. А подпіс падкажа, што гэта здымкі нямецкага жаўнера.

Фрагмент экспазіцыі выставы «Руіны Беларусі». Фота: Леся Пчолка

— У куратарскім тэксце Катарыны фон Хагенаў напісана: «Руіны робяць час бачным; яны выяўляюць як памяць, так і сучаснасць». Што руіны расказваюць пра нашу сучаснасць? Як вы адказваеце на гэтае пытанне сваёй выставай?

— Умоўна экспазіцыя пабудавана на спекулятыўнай і шызафрэнічнай логіцы калекцыянавання, шпацыравання па розных эпохах і гадах.

Напрыклад, я паказваю каску паліцэйскага часоў ГДР, якую я набыў на аўкцыёне.

Яна адносіцца да таксама даволі дэпрэсіўнага перыяду гісторыі Германіі. На выставе ёсць кашуля беларускага селяніна 1930-х гадоў. Звычайная льняная кашуля. На дысплэях, якія вісяць на сценах, размешчаны льняныя палотны з непрацуючымі лямпамі 1960-х — 1970-х, а палотны падсвечаны знутры лямпамі. На іх мацуюцца здымкі, атрымліваецца такі паламаны дысплэй.

Фрагмент экспазіцыі выставы «Руіны Беларусі». Фота: Леся Пчолка

— Кашуля селяніна і каска нямецкага паліцэйскага размешчаны на адным манекене. У чым тут логіка?

— Выстава ўяўляе сабой, як я ўжо сказаў, спекулятыўны музей. Гістарычныя матэрыялы з розных эпох ствараюць мікс з вельмі невідавочнымі сувязямі. Так як гэта спекулятыўная логіка, то мяне цікавілі ў гэтых артэфактах іх меркаваная гісторыя, якая ўцялеснілася ў іх. Кашуля вельмі простая, з ледзь бачнай чырвонай стужкай на каўняры, гэта такое «агульнае цела гісторыі», на якім больш нічога не ўтрымалася за гады войнаў, рэпрэсій, ссылак. А шлем — вобраз такога інтэрнацыянальнага і канвенцыйнага гвалту, манапалізаванага дзяржавай.

Таксама выставу можна назваць маім асабістым музеем, у якім размешчана ўсё, што я змог сабраць у сваім намадычным жыцці ў нейкую даволі фрагментаваную экспазіцыю.

Скразная тэма выставы — гісторыя, тое, як яна разбураецца, знікае, як застаюцца толькі яе аскепкі, што зліваюцца ў нейкія вельмі дзіўныя кампазіцыі з непаслядоўнымі структурамі. Нібы пясок скрозь пальцы праходзяць, знішчаюцца архівы, успаміны. Мы можам згадаць шмат такіх гісторый з нашага жыцця апошніх пяці гадоў. Напрыклад, закрыццё tut.by, які быў даволі важным рэсурсам па гісторыі сучаснай Беларусі.

Многія эмігранты, калі беглі з Беларусі, не змаглі ўзяць важныя для сябе рэчы. Канфіскоўваліся камп’ютары ці людзі самі нішчылі іх. У нашай гісторыі — рухомыя пласты, праз якія немагчыма захаваць і перадаць спадчыну.

Фрагмент экспазіцыі выставы «Руіны Беларусі». Фота: Леся Пчолка

Самі дзяржавы цяпер калапсуюць. У такі разарваны час немагчыма сабраць і сваё жыццё ў адну гістарычную лінію. Табе хочацца бачыць гэты гарызонт гісторыі, а ён пастаянна прападае, мы яго за гэтым туманам не бачым.

Мая выстава менавіта пра гэта: як з нейкіх аскепкаў, выпадковых кавалкаў збіраецца вобраз гісторыі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!