Сёння ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек у Мінску мусіла была адбыцца прэм’ера спектакля ў рэжысуры Яўгена Карняга «Сёстры Грым». Але паказ чорнай камедыі паводле казак братоў Грым адмянілі «па тэхнічных прычынах».
Гледачам прапаноўваецца сёння і ў бліжэйшыя дні замест прэм’еры наведаць пастаноўку «Мроіва».
Таксама ў афішы заменены паказы спектакля ў кастрычніку.
«Па тэхнічных прычынах 13 і 14 верасня, а таксама 16, 17 і 30 кастрычніка ў 19:00 замест спектакля «Сёстры Гримм» адбудзецца спектакль «Мроіва». Запланаваны на 31 кастрычніка спектакль «Сёстры Гримм» — адменены», — адзначаецца ў сацсетках тэатра.
Пастаноўка «Сёстры Грым», якая звярталася да культавага спектакля «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі», пастаўленага Яўгенам Карнягам у 2015 годзе, брала ў поле ўвагі ўнутраны свет жанчыны, разважала пра боль і каханне.
«Спектакль «Сёстры Грым» уцягвае гледачоў у таямнічы свет, дзе пачынаеш глядзець казку, якая раптам абарочваецца падрабязным даследаваннем жаночай душы. Сярод ценяў мінулага з’яўляюцца тры ўвасабленні жаночай прыроды, тры ведзьмы. У кожнай – свая гісторыя. І кожная гатовая ёй падзяліцца.
Рэальнасць пераплятаецца з фантазіямі. У яркіх, эмацыянальных маналогах гераінь чуваць не толькі сіла і абаяльнасць, але і глыбокі боль. Гэтыя жанчыны не шукаюць апраўданняў – яны проста хочуць расказаць, як чакалі кахання, але яно так і не прыйшло… «Сёстры Грым» – гэта разважанне пра тое, што значыць быць жанчынай, пра тое, што такое ўнутранае святло і каханне», — прэзентавала новы творы каманда тэатра.
Меркавалася, што перад публікай паўстане апгрэйд вядомай пастаноўкі, якая ішла на сцэне без малага шэсць сезонаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram