Учора на здымачнай пляцоўцы «Беларусьфільма» ў Смалявіцкім раёне пачаліся здымкі ваеннай драмы «Бацька Мінай». Галоўныя ролі ў праекце «Военфильма» і беларускай кінастудыі выконваюць расійскія акторы. У прыватнасці, расійскі артыст Аляксей Краўчанка, вядомы па ролі Флёры ў «Ідзі і глядзі», увасабляе галоўнага персанажа.
Студыя «Военфильм», якую ўзначальвае Ігар Угольнікаў, працягвае на прыкладзе сваіх праектаў прасоўваць ідэі агульнай савецкай і ваеннай спадчыны, здымаючы кіно як пра Вялікую Айчынную вайну, так і пра вайну на Данбасе.
Угольнікаў падкрэсліў, што сцэнар новай кінастужкі пісаўся менавіта пад Краўчанку, які здымаўся ў сусветна вядомай карціне па сцэнары Элема Клімава і Алеся Адамовіча.

Аляксей Краўчанка, якога на здымачнай пляцоўцы ў Смалявіцкім раёне распытаў журналіст «SB.BY», з настальгіяй узнавіў моманты здымкі ў «Ідзі і глядзі», якія праходзілі ў падобных беларускіх лакацыях.
— За намі возера, у якім я купаўся, хадзіў гэтымі ж сцяжынкамі. Для мяне гэта значны адрэзак жыцця. Нават памятаю, як краў цыгарэты ў рэжысёра Элема Германовіча (Элема Клімава — рэжысёра «Ідзі і глядзі»), паліў і баяўся, што мяне «засякуць» (смяецца). Вярнуцца сюды для мяне значыць шмат. Асабліва ў першы здымачны дзень. Выдатна, што тут мае калегі, выдатныя акцёры, выбітны рэжысёр Ігар Угольнікаў, каманда, якая спадабалася з першага дня. З такімі людзьмі працаваць над новым праектам будзе куды прасцей.

Стужка «Бацька Мінай» заснавана на гісторыі Міная Шмырова, камандзіра 1-й Беларускай партызанскай брыгады, у якога ў 1942 годзе гітлераўцы ўзялі ў закладнікі чацвярых дзяцей. Партызан адмовіўся здацца, нягледзячы на шантаж, і яго дзяцей, сястру і цешчу расстралялі.
Стваральнікі карціны падкрэсліваюць, што фільм прысвечаны 80-годдзю Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
— У народаў Беларусі і Расіі агульная перамога і агульныя памятныя даты, якія мы адзначаем, — пракаментаваў пачатак здымачнага працэсу дырэктар «Беларусьфільма» Дзмітрый Сямёнаў. — Праца над фільмам, дзе задзейнічаны спецыялісты нашых кінастудый, яшчэ раз нагадвае: калі мы разам, пераадольваем любыя нягоды.

За апошнія тры гады кінастудыя «Беларусьфільм» сталя пляцоўкай для вытворчасці «каланіяльнага» і ідэалагічнага ігравога кіно — «На іншым беразе», ды нават адносна нейтральны «Чорны замак» здымалі расійскія рэжысёры, у галоўных ролях здымаліся расійскія акторы, прапаноўваючы дазволенае зверху бачанне на беларускую гісторыю. «Бацька Мінай» — больш відавочны прыклад такога кіно, у якім беларускія адмыслоўцы і пляцоўкі выкарыстоўваюцца для стварэння ваеннага наратыву, які можа выкарыстоўваць як беларуская, так і расійская прапаганда.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram