Monumental.by — сайт, прысвечаны беларускаму савецкаму манументальнаму мастацтву, афіцыйна паведаміў пра свае адкрыццё. На сёння на рэсурсе, створаным камандай рупліўцаў, можна знайсці інфармацыю і апісанне да каля 500 аб’ектаў па ўсёй Беларусі, а ўсяго сабрана дадзеных пра 1000 аб’ектаў манументальнага мастацтва, якія будуць паступова дадавацца.
Як падзялілася даследчыца спадчыны беларускага савецкага манументальнага мастацтва Кацярына Рускевіч, адна з мэтаў стварэння мапы — атрыбуцыя і вяртанне імёнаў. «Калі ў твора ёсць аўтар і імя, пачынаеш па-іншаму да яго ставіцца», — падкрэслівае яна.
На сайце прадстаўлены аб’екты манументальнага мастацтва, выкананыя ў самых розных тэхніках і фарматах: мазаікі, барэльефы, вітражы, роспісы, энкаустыка. «На мапе [таксама] ёсць цудоўныя маленькія Дамы культуры, якіх хутка можа не быць, прыпынкі, — падведамляе Кацярына Рускевіч. — Чаму кожны раз калі гаворка заходзіць пра манументальны жывапіс — узнаўляюцца выключна мазаікі?!» — заклікае грамадства звярнуць увагу на разнастайнасць мануменальнай спадчыны даследчыца.
Яна дадае, што частка пазначаных на мапе аб’ектаў, на жаль, ужо ў мінулым. Некаторыя — страчаныя назусім, некаторыя — прыбраныя пад цеплаізаляцыйныя матэрыялы або дэмантаваныя.
«І гэта таксама адна з задача сайта — паказаць як было раней», — заўважае яна.
Стваральнікі мапы не збіраюцца спыняецца на дасягнутым — база аб’ектаў будзе папаўняцца. І рупліўцы звяртаюцца па дапамогу ў справе — яны просяць дасылаць фотаздымкі новых аб’ектаў, якіх няма на мапе, і інфармацыю аб іх месцазнаходжанні.
Каманда Monumental.by папярэджвае, што шматлікія працы знаходзяцца на тэрыторыі заводаў і ўнутры адміністрацыйных будынкаў, таму не заўжды будзе атрымоўваецца трапіць да аб’екта назірання і ці вывучэння.
Аднак даследчыкі будуць радыя атрымаць фота і інфармацыю пра творы беларускай савецкай манументальнай спадчыны па адрасе belarusianmonumentalart@gmail.com.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram