Першым з’яўленне пірацкай версіі ідэалагічнай карціны «На іншым беразе» ў сеціве заўважыў тэлеграм-канал «Священный Белавуд». Па інфармацыі рэсурса, стужка была выкладзена ў інтэрнэт на пачатку кастрычніка.
«Гледзячы па вотэрмарцы, размешчана лічбавая копія фільма, якую распаўсюджваў МЗС Беларусі», — заўважае тэлеграм-канал.
Нагадаем, што дзеянне ў разрэкламаванай Міністэрствам культуры ідэалагічнай стужцы адбываецца ў 1925 годзе на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
«У цэнтры апавядання — лёсы галоўных герояў — простых хлопцаў з глыбінкі, са Стоўбцаў, у якіх, хоць яны і родныя браты, розны жыццёвы шлях. Адзін за чырвоных, другі пакуль не вызначыўся», – расказваў пра карціну ў пачатку здымачнага перыяду сцэнарыст і рэжысёр Андрэй Хрулёў, які прыязджаў здымаць стужку з Расіі.
У фільме ў галоўных ролях таксама здымаліся пераважна расійскія акцёры.
«Гэта фільм пра тое, як трэба берагчы родных і блізкіх, што такое Радзіма, што значыць быць патрыётам, рабіць выбар у сваім жыцці. Гэтыя ўсе ідэі закладзеныя ў сцэнары фільма», — даваў каментар СМІ ў пачатку здымак тагачасны дырэктар «Беларусьфільма» Уладзімір Карачэўскі.
Прэм’ера карціны ў кінатэатрах Беларусі адбылася ў верасні да Дня народнага адзінства. Пра прагляд стужкі актыўна рапартавалі — з «дапамогай» адміністрацыйнага рэсурсу кіно па ўсёй краіне паглядзелі прадстаўнікі самых розных груп: ад дактароў — да студэнтаў. Тэлевізійнага паказу фільма, які звычайна ідзе за кінатэатральным, яшчэ не было.