Фелікс Аксёнцаў — аўтар тэкстаў песень легендарных беларускіх рок-гуртоў ULIS, «Крама», «Бонда» — выдаў кнігу «Марнатраўны сын». У зборніку, які выйшаў у праскім выдавецтве «Вясна», сабраныя больш за 50 тэкстаў песень знанага паэта.
У кнізе таксама шмат гістарычных фотаздымкаў музыкаў, і нават ёсць QR коды, каб паслухаць альбомы.
Фелікс Аксёнцаў падзякаваў рэдактару кнігі Сяргею Шупу, мастаку Андрэю Дарохіну, а гэтаксама рок-музыкам і сябрам, на чыю музыку напісаныя ягоныя тэксты.
«Дзякуй — Слава Корань, Ігар Варашкевіч, Сяржук Краўчанка, Кірыл Шэвандо, Ваня Маркаў, Міхаіл Рубін! — напісаў аўтар у сваіх сацсетках. — Калі б не [вы] і ня [ваша] творчасць — гэтай кнігі проста не было б».
«Вясна» дае цытату з прадмовы да зборніка, якую напісаў удзельнік і сведка падзей на мяжы 1980-х — 1990-х Ян Максімюк:
«The past is a foreign country; they do things differently there. Гэтая фраза, напісаная ангельскім аўтарам гадоў семдзесят таму, прыходзіць мне на думку кожны раз, калі спрабую вярнуцца ў мінуласьць і прыгадаць, што тады адбывалася са мною і тымі, якія сустракаліся на маёй дарозе. І кожны раз міжвольна думаецца: было такое ў рэальнасьці? Дзе цяпер тая мінулая і чужая краіна? Каму яна належыць?».
У кнізе выкарыстаны работы фатографаў: Юркі Асенніка, Сашы Клімкіна, Таццяны Менскай, Андрэя Шчукіна, Алены Адамчык, Уладзіміра Парфянка, Dayte Mikrofona.
«Пакуль што так: кнігі ўжо едуць у Варшаву, дзе трапяць на паліцы віртуальнай «Кнігаўкі» на партале allegro.pl., — распавядае пра тое, дзе можна набыць выданне, «Вясна». — Так што чытачам у Польшчы і суседніх краін трэба пачакаць які тыдзень».
Тым жа чытачам, хто знаходзіцца ў Чэхіі або ў «далейшым ад Польшчы свеце» — раяць звяртацца непасрэдна ў выдавецтва — па адрасе vesnav@seznam.cz.
Фелікс Аксёнцаў — аўтар тэкстаў да культавых альбомаў ULISa — «Чужаніца», «Краіна Доўгай Белай Хмары», «Танцы на даху»; гурта «Крама» — «Зацьменны блюз». З 1996 года жыве ў Ванкуверы (Канада).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram