У Познані з’явіўся польска-беларускі мурал пра супрацу і падтрымку

На трамвайным прыпынку «Славянкая» ў Познані з’явіўся польска-беларускі мурал аб супрацоўніцтве двух народаў. Мурал адлюстроўвае дзвюх дзяўчын, якія разам даглядаюць кветку — сімвал еўрапейскай будучыні, якую беларусы і палякі ствараюць супольнымі намаганнямі.

Мурал быў створаны беларускай мастачкай, якая не раскрывае імя, і польскай мастачкай Эрыкай ERI.

Ініцыявала праект 17-гадовая беларуска Аліса, якая жыве ў Польшчы амаль год. Аліса распавяла выданню MOST, як з’явілася ідэя праекта і наколькі складана атрымаць дазвол на стварэнне мурала ў польскім горадзе.

Ідэя мурала з’явілася пасля таго, як Аліса прайшла навучанне ў Школе палітычных кампаній офіса Святланы Ціханоўскай. У канцы курса ўдзельнікі павінны былі прадставіць уласныя праекты, накіраваныя на вырашэнне канкрэтных задач. Група, у якой працавала Аліса, выбрала тэмай супрацоўніцтва беларускай і польскай моладзі.

«Мы хацелі, каб беларусы і палякі былі партнёрамі. Не проста каб беларусы ўліваліся ў польскае грамадства, а каб мы супрацоўнічалі на роўных. Так, мы жывем у Польшчы, але пры гэтым мы беларусы і не павінны адмаўляцца ад сваёй ідэнтычнасці», — тлумачыць Аліса.

Для рэалізацыі праекта Аліса знайшла дзвюх мастачак-беларускую і польскую. Яны жылі ў адным горадзе, таму маглі сустракацца асабіста і разам працаваць над эскізам. Арганізатарка прапанавала ім тэму «Агульнаеўрапейскі дом», але вырашыла не ўмешвацца ў творчы працэс.

У выніку на мурале з’явіліся дзве дзяўчыны, якія разам даглядаюць за кветкай. Расліна сімвалізуе еўрапейскую будучыню, якую беларусы і палякі могуць ствараць сумеснымі намаганнямі. А клопат пра яго — супрацоўніцтва, узаемную падтрымку і адказнасць за агульную будучыню.

Намаляваныя дзяўчыны — не выдуманыя персанажы, а аўтапартрэты саміх мастачак. Па словах Алісы, для яе было прынцыпова важна, каб супрацоўніцтва выявілася не толькі ў сюжэце мурала, але і ў працэсе яго стварэння.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram