У Познані ладзяць беларускі кніжны фестываль

З 19 да 26 верасня ў Познані будзе праходзіць кніжны фестываль «LORUM IPSUM», арганізаваны фундацыяй KUT сумесна з выдавецтвам Skaryna Press.

Цягам тыдня на розных пляцоўках горада адбудуцца дыскусіі, чытанні, перформансы, прэзентацыі і сустрэчы з аўтарамі ды іншыя мерапрыемствы.

Удзел прымуць: Наста Кудасава, Віктар Сямашка, Уладзь Лянкевіч, Сцяпан Стурэйка, Аліна Сельвясюк, Света Бень, Papa Bo ды іншыя творцы.

19 верасня адкрыецца выстава аўтарскіх ілюстрацый і кніг выпускніц UAP у Познані «Самвыдат», у якой аўтары прадстаўляюць часопісы і кнігі, якія існуюць у адзінкавых экзэмплярах. Выстава розных відаў публікацый і графічных эксперыментаў будзе адкрыта на працягу ўсяго фестывалю ў суботу з 14:00 да 18:00 і з панядзелка па пятніцу з 13:00 да 18:00 (адрас: Kramarska 32, 3 паверх).

20 верасня ў сядзібе фундацыі КУТ (Kramarskа, 32) адбудуцца дзве Арт-лабараторыі, якія зацікавяць кожнага, не залежна ад мовы.

14:00 — майстэрня для дзяцей Вольгі Стрыжнёвай: цытаты вядомых пісьменнікаў, стварэнне ўласнай кнігі.

16:00 – сустрэча з Наталляй Зданевіч: стварэнне муралу ў Куце на аснове архіўных здымкаў Берасця і размова пра сучаснае разуменне культурнай спадчыны.

 

21 верасня Papa Bo з 12.00 ад вул. Крамарскай, 32 (сядзіба фундацыі KUT) разам з усімі ахвотнымі пройдзе па пэўным маршруце, ператвараючы прагулку ў танцавальнае шэсце. У кожнай кропцы маршруту — музыка, танцы і магчымасць далучыцца да імпрэзы. Фінал — пляцоўка «My pod Sceną», дзе адбудзецца працяг фестывальнай праграмы. Гэта не экскурсія і не канцэрт, а досвед, які аб’ядноўвае музыку, горад і людзей.

У 14:00  Сцяпан Стурэйка запрашае на размову пра тое, як сёння ствараць кнігі пра беларускую гісторыю і спадчыну, якія з’яўляюцца не толькі носьбітамі тэксту, але і аб’ектамі дыялогу i эстэтыкі. Ад альманаха CTRL+S да самвыдатаў і невялікіх кніжак – кожнае выданне становіцца часткай вялікай размовы пра культуру («My pod Sceną», 27 Grudnia 8/10).

У 15:00 Аліна Сельвясюк, аўтарка ідэі і менеджарка праекта «Белая кніга» (створанага Марынай Літвіненка, Мартай Скугаравай і Веранікай К.), распавядзе пра стварэнне дапаможніка для беларусаў і беларусак. Гэта дапаможнік па псіхалагічным аднаўленні для кожнага, хто стаў носьбітам калектыўнай траўмы або непасрэдным удзельнікам і ўдзельніцай падзей, якія змянілі жыццё беларусаў («My pod Sceną», 27 Grudnia 8/10).

У 16:00 у «My pod Sceną» пройдзе сустрэча са Светай Бень, якая прадставіць сябе як аўтарку і выканаўцу, аб’яднаўшы паэзію, музыку і кніжную прэзентацыю ў адным выступе.

У 19.00 у Deja Vu Pub (Woźna 21) пройдзе сустрэча з Арцёмам Сізінцавым — даследчыкам спорту, журналістам, аўтарам кнігі пра гісторыю аршанскага футболу «На «Старт» і ў «Тэмпе».

24 верасня ў 18:30 вядомы гісторык матэрыяльнай культуры, публіцыст Алесь Белы прэзентуе англамоўную кулінарную кнігу з гісторыямі страў «Belarusian Cookbook» (2025), ілюстраваную гісторыю самых знакавых супольных страў беларускай і габрэйскай кухні «Самы Цымус» (2024), і, авансам, кнігу «Нашы зёлкі» пра гісторыю і міфалогію 30 самых знакавых зёлак нашага краю, выхад якой чакаецца ў канцы восені (адрас: Kramarska 32).

 

У чацвер, 25 верасня, пройдзе сумесная падзея з фестывалем Pradmova — LITARANOTY.

LITARANOTY — гэта музычна-літаратурны праект, у межах якога дзеля супольнай дзеі яднаюцца сучасныя літаратары і літаратаркі ды музыкі-імправізатары. Часта ў працэсе слоўна-гукавога перформансу высвятляецца, што гэта адныя і тыя ж асобы. Музыкі ткуць меладычны і шумавы габелен, паўзверх якога сэнсавымі акцэнтамі гучаць паэтычныя меладэкламацыі. Склад удзельнікаў пераменлівы і гнуткі.

Гэтым разам у Познані чытаць вершы будуць Наста Кудасава, Ілля Сініца, таксама ў госці завітае паэтка з Берліна. Віктар Сямашка і Уладзь Лянкевіч выступяць не толькі як літаратары, а перадусім як музыкі разам з Раманам Жарабцовым і Юляй Шавель.

Адрас: Stary Rynek 56 (SARP)

Пачатак: 19:00

Сачыць за фэстам можна праз facebook ці instagram.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!