У польскі пракат выходзіць «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч — кіно, натхнёнае гісторыяй Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша

28 сакавіка ў польскі кінапракат выходзіць нашумелая карціна беларускай рэжысёркі Мары Тамковіч «Пад шэрым небам». Драма, натхнёная гісторыяй беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, будзе дэманстравацца па ўсёй Польшчы.

«Прыгожая гісторыя аб каханні і цане, якую трэба плаціць за свабоду» — цытатай з Culture.pl заваблівае на паказы фільма трэйлер і афішы кіно. Нагадаем, што за гэты час стужка Мары Тамковіч займела міжнародную прэм’еру на нью-ёркскім фестывалі Tribeca, заснаваным Робертам де Ніра; была прызнана «Найлепшы дэбютам» на Гдынскім фестывалі ігравога польскага кіно. На дадзены момант фільм дэманструецца ў Італіі, а 25 сакавіка — у Дзень Волі — будзе паказаны ў Лондане ў вядомым Цэнтры «Барбікан» у межах фестывалю польскага кіно Kinoteka і англійскага турнэ. Такім чынам, можна казаць пра сапраўдны поспех дэбютнай карціны Мары Тамковіч — «Пад шэрым небам» працягвае заваёўваць публіку па ўсім свеце.

Старт пракату фільма ў Польшчы адбудзецца 28 сакавіка ў варшаўскім кінатэатры Atlantik.

Дыстрыб’ютарамі з’яўляюцца кампанія Żółty Szalik і MEDIA CORPORATION.

Нагадаем, што ігравая стужка «Пад шэрым небам», створаная за сродкі Польскага кінаінстытута, распавядае гісторыю беларускіх журналістаў на фоне пратэстаў 2020 года і ўзмацнення рэпрэсій. Рэжысёрка фіксуецца на стасунках галоўных герояў — журналістаў Лены і Ігара, якія, трапіўшы ў махавік рэпрэсій лукашэнкаўскага рэжыму, знаходзяць адно ў адным падтрымку і надзею жыць у страшных і складаных абставінах.

У фільме здымаліся: Аляксандра Вайцяховіч, Валянцін Навапольскі, Паліна Чабатарова, Андрэй Новікаў.

Прачытаць рэцэнзію на фільм «Пад шэрым небам» можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!