У Польшчы знайшоўся невядомы твор Язэпа Драздовіча

Польскі карыстальнік Фэйсбука Адам Мацько выклаў у групу «Kresy północno-wschodnie: Wileńszczyzna, Nowy Pohost, Brasław i inne miasta» фатаграфію карціны Язэпа Драздовіча (карціна падпісаная), на якой увабоблены дом Адамавага дзеда, што знаходзіўся ў вёсцы Навіны, размешчанай недалёка ад Дзісны.

Адам Мацько паведамляе, што наколькі ён ведае з сямейных крыніц, аўтарам твора з’яўляецца мастак, «які блукаў па Віленшчыне і ствараў такія «творы», проста, для грошай. Гэта значыць, ён маляваў на заказ. Як вынікае з подпісу, яго звалі Драздовіч».

Таксама Адам Мацько дадае, што раз «Драздовіч жыў за кошт напісання карцін, то, можа быць, дзесьці, у кагосьці з вас захаваліся нейкія іншыя яго творы, і, можа быць, хтосьці ведае пра яго нешта большае».

Адразу ў каментах да допісу зявілася спасылка на польскую Wikipedia і Адам Мацько даведаўся, што мастак Драздовіч зяўляецца вядомай постаццю: «Думаю, я пачну па-іншаму ставіцца да сямейнай рэліквіі, аказваецца, яна можа мець нейкую каштоўнасць, акрамя сентыментальнай».

Карціна датаваная 1937 годам. Крыніцай заробкаў Драздовіча сапраўды былі маляваныя дываны для вяскоўцаў, а таксама краявіды і партрэты. Савецкія чыноўнікі ад культуры ставіліся да творчасці Язэпа Драздовіча як да нявартай увагі. Ён не быў прыняты ў Саюз мастакоў і не меў магчымасці ўладкавацца на працу, беспрытульна вандруючы па ваколіцах.

Жыхары вёсак памяталі мастака як вандроўніка, што хадзіў паміж вёскамі, распавядаў цікавыя гісторыі, размалёўваў шафы, дываны, дапамагаў па гаспадарцы. Па сённяшні дзень у мясцовых хатах можна сустрэць то дыван, то шафу, аздобленую роспісам мастака.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!