У Польшчы прайшла рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы

З 9 па 13 ліпеня на полі каля Грунвальда ў Польшчы праходзіць унікальны фестываль гісторыі, традыцый і рыцарскай культуры.

Падчас фэсту ў рыцарскіх і рамесных лагерах можна ўбачыць працы кавалёў, ткачоў, ганчароў, а таксама паспрабаваць рэгіянальныя стравы. Для дзяцей арганізуюцца конкурсы, гульні і турніры, а таксама мастацкія выступленні і анімацыі. Па вечарах гучаць канцэрты старадаўняй і народнай музыкі, а таксама вогненныя шоу і відовішчныя сцэнічныя дэбюты.

Фестываль «Дні Грунвальда». Фота: facebook.com/grunwald

Падчас фестывалю «Дні Грунвальда» ў Польшчы адбылася інсцэніроўка Грунвальдскай бітвы. Штогадовая імпрэза прайшла ў 27-мы раз, удзел прынялі больш за 1400 рэканструктараў з усяго свету. Аб’яднаныя войскі Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай разбілі свайго даўняга ворага рыцараў–крыжакоў.

Нагадаем, што гэта падзея адбылася 15 ліпеня 1410 года, яна значная не толькі для польскай гісторыі, але і для беларускай. Была спынена нямецкая экспансія на балцкія і славянскія землі і пакладзены пачатак палітычнаму заняпаду Тэўтонскага ордэна.

Фестываль «Дні Грунвальда». Фота: facebook.com/grunwald

Ключавыя падзеі разгарнуліся недалёка ад вёсак Грунвальд і Таненберг, сёння — гэта тэрыторыя Польшчы. Войскі крыжакоў узначальваў Ульрых фон Юнгінген, які быў забіты падчас бітвы.

Фестываль «Дні Грунвальда». Фота: facebook.com/grunwald

Штогод гэтае мерапрыемства прыцягвае дзясяткі тысяч гледачоў і лічыцца найбуйнейшым сярэднявечным гістарычным відовішчам у Польшчы.

Фестываль «Дні Грунвальда». Фота: facebook.com/grunwald

У Беларусі рэканструкцыя знакамітай бітвы будзе адбывацца на тэрыторыі музея старадаўніх рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі» падчас фестывалю «Наш Грунвальд», які пройдзе 19-20 ліпеня. У ёй прымуць удзел некалькіх сотняў пешых рыцараў, цяжкаўзброеная конніца, артылерыя. Акрамя ваеннай часткі запланаваныя рамесніцкая, музычная і гастранамічная. У адрозненне ад польскага фэсту, на беларускі трэба набываць квіткі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!