У Польшчы афіцыйна зарэгістравалі Інстытут беларускай кнігі

У сацсетках арганізацыі паведамляецца, што афіцыйная рэгістрацыя дазволіць актывізаваць працу і зрабіць дзейнасць Інстытута беларускай кнігі больш устойлівай і празрыстай.

Нагадаем, што арганізацыйная група па рэгістрацыі недзяржаўнай грамадскай арганізацыі і фундацыі «Інстытут беларускай кнігі» ў Рэспубліцы Польшча была створана зімой 2023-га. У заяве сцвярджалася, што Інстытут будзе аб’ядноўваць аўтараў, перакладчыкаў, выдаўцоў, вытворцаў аўдыякніг, чытачоў, кнігараспаўсюднікаў, кніжных дызайнераў, ілюстратараў, графікаў, бібліятэкараў, крытыкаў, навукоўцаў, блогераў, валанцёраў і актывістаў, мецэнатаў, а таксама грамадскія ініцыятывы і арганізацыі, якія займаюцца пытаннямі беларускай кнігі.

А мэтамі дэклараваліся падтрымка беларускага кніжнага асяроддзя ў Беларусі і за яе межамі, удзел у міжнародным кніжным партнёрстве, стварэнне агульнай пляцоўкі для ўсіх удзельнікаў працэсаў у беларускай кніжнай сферы, падтрымка кнігавыдавецкіх ініцыятыў.

Сярод апошніх актыўнасцей Інстытута беларускай кнігі – арганізацыя беларускага стэнда з удзелам незалежных выдаўцоў на галоўным еўрапейскім кніжным кірмашы — у Франкфурце і арганізацыя пастаянных семінараў для падтрымкі прафесійнай камунікацыі.

Наступны семінар пройдзе ў Варшаве, 22 красавіка (серада), 18.00-20.00 (дакладнае месца абвесцяць пазней). Тэма: «Беларуская кніга: што гэта такое і як мы яе ўспрымаем».

Пытанні, якія збіраюцца абмеркаваць: Успрыманне беларускай кнігі ўнутры краіны і за яе межамі. Сімвалічны капітал кнігі: прадмет гонару, маркер культуры ці проста тавар? Дыскусія пра асабісты досвед удзельнікаў: што для мяне — беларуская кніга?

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!