У Польшчы адкрылася выстава калекцыі гістарычных і традыцыйных строяў Кацярыны Ваданосавай

У Музеі ў Цеханоўцы на Падляшшы адкрылася выстава гістарычных традыцыйных беларускіх строяў Кацярыны Ваданосавай, спявачкі, тэлевядучай і майстрыхі крою гістарычных і традыцыйных беларускіх строяў і тэкстыльнай тэхнікі.

Кацярына Ваданосава вышывае з дзяцінства, і ў яе гістарычная адукацыя, таму яе выстава «Строй» — не проста дэманстрацыя майстэрства, але і вынік навуковага даследавання. Гэта — гістарычныя рэканструкцыі, дзе элементы адзення і аксэсуару маюць адпаведнік у гістарычных крыніцах — пісьмовых, археалагічных і мастацкіх. Нешта даводзіцца рэканструяваць, але да кожнага строю Кацярына стварае пашпарт і можа абгрунтаваць усе свае вырашэнні.

На выставе — 14 камплектаў адзення, максімальна набліжанага да таго, што насілі нашы продкі ў мінулым. Гэта гарадскія, вясковыя і шляхецкія строі. З дапамогай аўтэнтычных тэхнік працы з тэкстылем, такіх, як вышыўка, ткацтва, шытво, крой, вязанне і пляценне, зробленыя не толькі дэталі касцюма, але і аксэсуары, дасканалыя ў кожнай сваёй дэталі, напрыклад, паясныя торбачкі, шаўковыя стужкі. Таксама аўтарка ўзнавіла гістарычныя ружанцы, фібулы, брошкі, абручы, каралі.

Кожны манекен суправаджаецца вялікім інфармацыйным шчытом з апісаннем, а таксама — мастацкай гісторыяй: аўтарка спрабавала ўявіць, што за чалавек насіў гэты строй, што за падзея ў яго жыцці абумовілі выбар гэтага касцюма.

Строй багатай полацкай крывічанкі канца ХІ стагоддзя. Фота: facebook/KaciarynaVadanosava.

Напрыклад, поўных узораў самага ранняга строю заможнай крывічанкі, жыхаркі Полацкага княства канца XI стагоддзя, не захавалася, але знайшліся металічныя артэфакты, некалькі кавалкаў тканіны, якая прыкарэлі да іх, нейкія абрыўкі залотнай тасьмы і комплексы ўпрыгожанняў. На аснове гэтага і мастацкіх крыніц атрымалася рэканструяваць поўны строй. «Залотная стужка тут — мой гонар: я саткала яе на дошчачках з шаўковых нітак, фарбаваных уручную індыга, — расказавала аўтарка ў адным з інтэрв’ю. — Такія стужачкі везліся з Візантыі і былі вельмі папулярным таварам. Вырабляць іх у нас пачалі, хутчэй за ўсё, ужо ў часы Еўфрасінні Полацкай, унучкі Усяслава Чарадзея, якая, як сведчаць крыніцы, не толькі адкрыла скрыпторый і вучыла людзей, але таксама мела ткацкую школу. Менавіта тады на Беларусі сталі рабіць залотныя стужкі».

Строй гараджанкі канца XІІІ — пачатку XІV стагоддзя. Фота: facebook/KaciarynaVadanosava.

Напрыклад, строй гараджанкі канца ХІІІ — пачатку ХІV стагоддзя суправаджаецца такім апісаннем: «Яе галаўны ўбор, белы, як снег, паказваў яе сціпласць, высакароднасць і чысціню, а вузкі вянец даваў магчымасць адчуць сябе калі не князёўнай, то хаця б дастойнай павагі заможнай асобай. А самае дарагое, самае прыгожае — гэта, канешне, мяшэчак-аманьер, прывязаны да пояса, вышыты шаўковымі ніткамі лікавай гладдзю. У такую торбачку можна пакласці дробныя манеты, а потым раздаваць іх жабракам перад храмам, каб яны праслаўлялі тваю шчодрасць і добрае сэрца».

Строй шляхцянкі часоў паўстання Кастуся Каліноўскага. Фота: facebook/KaciarynaVadanosava.

Пасля паўстання 1863 года жанчыны ў знак пратэсту насілі жалобныя ўборы. Кацярына Ваданосава ўзнаўляе такі ўбор і суправаджае яго тэкстам: «…Як апісаць горыч і боль за забраную, скрываўленую Радзіму? Як даказаць, што жаночае сэрца — не менш адважнае за сэрцы ваяроў, і ў ім дастаткова смеласці, каб паўстаць супраць прыгнёту і няволі?

Адзенне жанчын часоў паўстання Кастуся Каліноўскага — гэта дэкларацыя барацьбы за свабоду, сведчанне вернасці Айчыне, знак салідарнасці з закатаванымі і забітымі. Кожны элемент гэтага касцюма мае сэнс. Чорны колер, аздабленне, якое нагадвала вайсковую форму, сціплыя ўпрыгожанні з невысакародных металаў ці нават дрэва, бо золата і каштоўныя камяні ахвяраваліся на мэты паўстання, бранзалеты-ланцугі як сімвалічныя кайданы, у якія закавалі ўвесь народ… Нават крыналін, ультрамодны па ўсёй тагачаснай Еўропе, мог служыць патрэбам паўстанцаў: жанчыны-сувязныя маглі хаваць і перавозіць пад ім зброю і карэспандэнцыю.

Уся краіна тады апранулася ў чорнае: ад маленькіх дзяўчынак да старых матрон. Але гэтая жалоба стала натхняльным прыкладам змагання за свабоду, які мы ўзгадваем і сёння, у сваёй барацьбе з дыктатурай, захопніцтвам, несправядлівасцю, гвалтам».

Мсціслаўскі строй. Фота: facebook/KaciarynaVadanosava.

Падрыхтаваны каталог на 60 з нечым старонак. Яго можна набыць.

Арганізатарам выставы з’яўляецца Музей у Цеханоўцы, а таксама Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку.

Выстава будзе працаваць да 20 кастрычніка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!