Фота: novgazeta.by
21-23 жніўня другі год запар у Навагрудку праходзіць фестываль «Выцінанка-выбіванка. Ажурны код Навагрудка», прысвечаны ўнікальнай мясцовай традыцыі. Тут папяровыя ўзоры не выразалі з паперы, а выбівалі.
Навагрудская традыцыйная выцінанка-выбіванка — адметная тэхніка «выбівання» малюнка на паперы з дапамогай спецыяльных інструментаў: долата альбо расплюшчанага цвіка ці нават пустой гільзы, якая пасля вайны стала даволі распаўсюджанай прыладай творчасці. Асновай такіх вырабаў з’яўляецца ромбавідная сетка, якая імітуе сабой ячэйкі гардзіннага палатна, вязанага з нітак. На ёй размяшчаюцца сіметрычныя буйныя кветкі або букеты, а па краях фіранак выбіваюцца зубчыкі паўмесяцам або вугольнікамі.
Раней выбіванкі вешаліся на вокны, у чырвоны кут на абразы майстрыхі выбівалі ручнікі-набожнікі, якія на некаторы час замянялі тканыя або вышытыя ручнікі. Зараз вырабы ў стылі навагрудскай выцінанкі-выбіванкі выкарыстоўваюцца ў афармленні этнаграфічных куткоў як элементы дэкаратыўнага аздаблення сучаснага інтэр’еру.
Пачаўся фэст у пятніцу, 21 жніўня, з рыцарскага турніра, што адбываўся ў сценах замка і суправаджаўся аўтэнтычнай сярэднявечнай музыкай.
У той жа вечар ва ўнутранным дворыку касцёла Святога Архангела Міхаіла прайшоў сімфанічны канцэрт-баль з удзелам салістаў Вялікага тэатра Беларусі і канцэрт на плошчы Леніна з удзелам арт-групы «Беларусы», а пазней – моладзевая праграма.
На фэсце запланаваныя майстар-класы па выбіванцы і іншых народных рамёствах, вулічныя выступы, кірмаш рамеснікаў.
Паводле ўражанняў удзельнікаў, фестываль атрымаўся даволі эклектычны. На адным мерапрыемстве спалучыліся майстар-класы па народнай традыцыі выбіванкі, рыцарскі турнір, гастрафест і маштабнае шоу ад тэлеканала ОНТ «Навагрудская містэрыя», што праводзіцца з удзелам зорак беларускай эстрады і колішняга ўдзельніка гурта «Агата Крысці» Вадзіма Самойлава, які падтрымлівае Пуціна і ягоную вайну супраць Украіны.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram