«Тое, што здарылася сёння — гэта нейкі жах», — пракаментаванаў навіну пра затрыманне сваёй калегі — спявачкі Аляксандры Захарык — музыка Аляксандр Памідораў.
Reform.by звярнуўся да вядомага беларускага аўтара і музыкі з просьбай даць водгук на сённяшнюю вестку, якая ўзрушыла культурную і грамадскую супольнасць.
— Аляксандр, сёння сілавікі затрымалі спявачку Аляксандру Захарык. Толькі на мінулым тыдні ўлады распачалі крымінальную справу ў дачыненні да Tor band, папярэдне прызнаўшы гурт «экстрэмісцкім» фарміраваннем. 20 студзеня тры гады «хатняй хіміі» далі Мэрыем Герасіменка за выкананне песні «Океана Ельзи». Падсумоўваючы гэты ланцужок падзей, можна зрабіць выснову, што ўлады абралі сабе новую мішэнь — музыкаў. Што вы думаеце на гэты конт?
— Сёння ў музыкаў паўсюль — у Беларусі, Літве, Польшчы, Латвіі — затрыманне Сашы Захарык — гэта галоўная тэма для абмеркавання. Вялікі стрэс. І ў прыватнасці, я зараз пачынаю нервавацца і за музыкаў, якія гралі з Сашай, за ўсіх артыстаў, хто застаўся, бо да кожнага з іх могуць прыйсці з той простай прычыны, што артысты — яны ёсць больш заўважнымі людзьмі. У прынцыпе, што казаць, прыйсці могуць да кожнага.
Тое, што здарылася сёння — гэта нейкі жах для мяне, штосьці што я пакуль не магу прыняць. Бо тут ужо паўтараецца не толькі гісторыя рэпрэсій 2020-2021 гадоў — узградаем затрыманне Indorath, а гісторыя нават 2010 года, калі тыя ці іншыя праваахоўнікі раілі прыходзіць на суды і згаджацца з тым, што мы тут парушылі парадак. То-бок кожны, хто сёння можа выйсці з хаты, ён парушае грамадскі парадак, ён — вінаваты. Сашы Захарык інкрымініруюць крымінальны артыкул 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія жорстка парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») — я гэта проста не ўяўляю! Артысты — ужо не нейкія «иноагенты», а «крымінальнікі», бандыты. Ну, ОК. Гэта ўжо цалкам паказвае, што краіна знаходзіцца па-за нормамі закону, права.
Мне часам увогуле здаецца, што нас наўмысна правакуюць на нейкія дзеянні ў адказ. Тры гады «хіміі» Мэрыем Герасіменка за тое, што яна спявала недзе на ўзбярэжжы ў барчыку. Прызнаць «экстрэмістамі» Tor band. А вось цяпер і Саша… Ад спісу забароненых артыстаў краіна перайшла да адкрытага культурнага генацыду! І тым больш гэта сімвалічна, што ўсё гэтыя дзеянні адбываюцца акурат падчас і пасля Міжнароднага дня памяці Халакосту — то-бок у нашым краі цяпер і адбываецца культурны Халакост.
Добра, я разумею, што ўлады адчуваюць, што культура, мова, музыка — гэта зброя, але нельга, каб людзі культуры заставаліся ў нашым краі безабароннымі, каб яны пераўтвараліся ў выявы на сценах цэнтраў салідарнасці ў Еўропе — маўляў, гэты чалавек зараз у турме. Нягледзячы на жудасную трагедыю, якая цяпер адбываецца ва Украіне, трэба даводзіць на ўсіх узроўнях, што тут таксама ідзе вайна — у нас у Беларусі цалкам выкрэсліваецца нацыяльная культура. Няма магчымасцяў для яе жыцця і аднаўлення. Бо адначасова нападаюць і на спадчыну, забараняючы кнігі класікаў і сучаснікаў, і таксама руйнуюць будучыню, затрымліваючы артыстаў, якія ствараюць сучасныя культуру і мастацтва, выціскаюць культурных дзеячаў за межы краіны.
Цікава, што ўвесь гэты жах адбываецца таксама на фоне размоваў пра «вярніцеся і пакайцеся». Усе гэта відавочна не мае сэнсу. Затрыманне Сашы Захарык — яшчэ адзін доказ таго, што нам пакуль няма шляху назад.