У Нарвегіі адкрываецца выстава Руфіны Базловай пра шлях да салідарнасці праз калідоры дэспатычных сістэм

24 жніўня ў нарвежскім горадзе Хамар адкрываецца выстава беларуска-чэшскай мастачкі Руфіны Базловай пад назвай «#FramedinBelarus:Towards Solidarity».

Аснову экспазіцыі складае сацыяльна-мастацкі праект #FramedinBelarus і працы Руфіны з серыі «Гісторыя беларускай выжыванкі».

Выстава «#FramedinBelarus:Towards Solidarity» правядзе нас праз цяністыя калідоры дэспатычных дзяржаўных сістэм да калектыўнага спачування і агульнага імкнення да справядлівасці, паведамляе яе анатацыя.

«Выстава размяшчаецца ў падвальным памяшканні галерэі — у чатырох невялікіх пакоях, — расказала мастачка для reform.news. — Кожны пакой вырашаны ў спецыфічнай атмасферы: ад кароткага ўвядзення ў беларускія падзеі 2020 года праз «кабінет следчага», які падрабязна знаёміць гледача з гісторыямі канкрэтных палітычных зняволеных, да «турэмнай камеры», дзе расказваецца пра смерць актывіста Вітольда Ашурка. У момант максімальнай безвыходнасці апошні пакой прапануе гледачу надзею — салідарнасць як інструмент падтрымкі сябе і тых, хто мае патрэбу ў дапамозе».

Руфіна Базлова атрымала міжнародную вядомасць дзякуючы беларускім выжыванкам — серыі прац, у якіх выкарыстоўваецца тэхніка традыцыйнай вышыўкі для фіксацыі грамадска-палітычных падзей у рэгіёне.

Для праекта #FramedinBelarus Руфіна Базлова стварае своеасаблівыя партрэты беларускіх палітвязняў. Мастачка малюе эскізы ў стылі беларускай вышыванкі, перапрацоўваючы гісторыю кожнага зняволенага ў схему для вышыўкі: у цэнтры змяшчае фігуру палітвязня, імя, прозвішча і візуальны аповед пра тое, чаму чалавек знаходзіцца ў турме. У праект залучаюць іншых людзей — трэба зарэгістравацца праз адмысловую форму на framedinbelrus.net.

Куратарка — Сафія Такар.

Дата: 24 жніўня

Час: 13:00 — 13:30 — экскурсія па выставе з Руфінай Базловай; 14:00 — вернісаж

Месца: Kunstbanken (Parkgata 21, Hamar, Norway).

Выстава будзе працаваць да 6 кастрычніка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!