У Нацыянальным мастацкім музеі паказваюць артэфакты з археалагічных раскопак Мінска і Ваўкавыска

Культура
Створкі крыжоў-энкалпіёнаў. Фота: сацсеткі.

Выстава «Мастацтва ў археалогіі», што працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі, паказвае археалагічныя артэфакты з музейнай калекцыі і выклікае цікавасць гледачоў не толькі адметным экспанаваннем, але і тым, што прадметы, прадстаўленыя на выставе, можна знайсці як у падручніках гісторыі, так і ў кнігах па беларускім мастацтве.

У Нацыянальным мастацкім музеі паказваюць артэфакты з археалагічных раскопак Мінска і Ваўкавыска
Грабень самшытавы. ХІІІ ст. Раскопкі Мінскага замчышча. 1958. Фота: сацсеткі.

Насамрэч музей асобнай калекцыі археалогіі не мае. Аднак захоўвае каля 200 аб’ектаў, знойдзеных падчас археалагічных раскопак. Яны размешчаны ў аддзеле «Беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва». У асноўным гэта рэчы, якія былі знойдзены ў сярэдзіне мінулага стагоддзя на раскопках у Мінску і Ваўкавыску, але таксама і адносна нядаўнія археалагічныя прадметы.

У Нацыянальным мастацкім музеі паказваюць артэфакты з археалагічных раскопак Мінска і Ваўкавыска
Абразок Святы Мікалай і святы Стэфан. ХІІІ ст. Раскопкі Мінскага замчышча. 1957. Фота: сацсеткі.

На выставу куратар і вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Дзмітрый Моніч адабраў прадметы, якія маюць мастацкую каштоўнасць. Гэта амаль палова ўсёй калекцыі музея – каля 90 экспанатаў.

У Нацыянальным мастацкім музеі паказваюць артэфакты з археалагічных раскопак Мінска і Ваўкавыска
Шахматная фігура «Ладдзя». Пачатак ХІІ стагоддзя. Раскопкі «Шведскай гары» ў Ваўкавыску. 1954. Шахматная фігура «Пешка». Пачатак ХІІ ст. Раскопкі «Шведскай гары» ў Ваўкавыску. 1954. Фота: сацсеткі.

Унікальныя артэфакты маюць невялікі памер, таму для іх экспанавання былі падрыхтаваныя вітрыны з падсветкай, абсталяваныя павелічальным шклом розных дыяметраў.

У Нацыянальным мастацкім музеі паказваюць артэфакты з археалагічных раскопак Мінска і Ваўкавыска
Шпілька. III-IV стагоддзі. Фота: сацсеткі.

Цэнтральным экспанатам выставы з’яўляецца невялікая каменная плітка з рэльефнай зааморфнай выявай. Яна мае дасканалую мастацкую апрацоўку, таму выява была змешчана на афішу.

Да найбольш каштоўных і старажытных помнікаў археалогіі ў калекцыі музея адносяцца артэфакты, выяўленыя ў 1950-я гады пры раскопках у Мінску пад кіраўніцтвам Эдуарда Загарульскага і Васіля Тарасенкі.

У Нацыянальным мастацкім музеі паказваюць артэфакты з археалагічных раскопак Мінска і Ваўкавыска
Створка трыптыха. Другая палова ХІ — пачатак ХІІ стагоддзя. Раскопкі «Шведскай гары» 1954. Фота: сацсеткі.

Напрыклад, на Мінскім замчышчы былі знойдзены невялікія абразкі –  з выявай Божай Маці і Святога Пятра, а таксама абразок з выявай Святога Мікалая і Святога Стэфана.

У Нацыянальным мастацкім музеі паказваюць артэфакты з археалагічных раскопак Мінска і Ваўкавыска
Падвеска. Шчучын. V-VII стагоддзі. Фота: сацсеткі.

Таксама на выставе можна ўбачыць каменныя абразкі XIII стагоддзя, касцяныя шахматныя фігуры XIII стагоддзя, знойдзеныя падчас раскопак «Шведскай гары» ў 1954 годзе, двухбаковы самшытавы грэбень з выявай грыфонаў XIII стагоддзя.

Музей мае намер папаўняць калекцыю археалагічных прадметаў знаходкамі з металу, дрэва, каменя, якія маюць мастацкія якасці.

Выстава будзе працаваць да 6 красавіка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости