У Нацыянальным мастацкім музеі пакажуць знакамітую «Прагулку» Марка Шагала

Знакамітае палатно мастака Марка Шагала «Прагулка» даставяць у Мінск на гэтым тыдні. Карціна стане цэнтральным экспанатам унікальнай часовай выставы, якая адкрыецца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў пачатку красавіка, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».

Палатно належыць Дзяржаўнаму рускаму музею. «Прагулка» будзе выстаўляцца ў рамках часовай экспазіцыі «Выстава аднаго шэдэўра». Дакладную дату яе адкрыцця арганізатары паведамяць пазней, але адбудзецца выстава падчас дзён Рускага музея ў Нацыянальным мастацкім музеі ў красавіку.

Марк Шагал напісаў «Прагулку» у 1917-1918 гадах. Яна з’яўляецца напамінам пра шлюб з Бэлай, які яны заключылі яшчэ ў Віцебску.

«Прагулка» была часткай трыпціха, куды ўваходзяць яшчэ дзве працы – «Двайны партрэт» і «Над горадам». На цэнтральным палатне мастак стаіць на зямлі, а Бэла лунае над Віцебскам.

Усе тры карціны цяпер захоўваюцца ў розных гарадах. «Над горадам» — у Траццякоўскай галерэі Масквы, «Двайны партрэт» — у парыжскім музеі Цэнтра Жоржа Пампіду. А «Прагулка» — у экспазіцыі Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!