У Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстава сямейных гісторый з калекцыі вясковага фатографа Савы Сіўко

У межах Тыдня бацькоўскай любові 13 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава «Сямейная гісторыя. Фотаздымкі з калекцыі Савы Сіўко».

Вясковы фатограф Сава Сіўко (1888—1978) нарадзіўся ў вёсцы Сенна каля беларускага мястэчка Любча.

З калекцыі фота Савы Сіўко. Ігнат Казак з жонкай Ганнай і дзецьмі. 1932-1939 гады. Фота: facebook/histmuseum.by

У Першую сусветную вайну ён быў прызваны ў царскае войска, трапіў у палон і апынуўся ў Баварыі. На радзіму ён вярнуўся з добрымі ведамі ў фатаграфічнай справе і ўласным фотаапаратам. Пачаў здымаць аднавяскоўцаў, мясцовыя краявіды, вяселлі, пахаванні, рэлігійныя святы, партрэты і сцэны вясковага жыцця.

Упершыню гэтае імя было адкрыта шырокаму гледачу ў 2018 годзе на выставе ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Каб гэта падзея здарылася, даследчыкам давялося пастарацца.

У фонды Нацыянальнага гістарычнага музея калекцыянер прынёс два невялікія чамаданчыкі са старымі шклянымі пласцінкамі міжваеннага часу. Аднак ні аўтар, ні дакладныя месцы здымкі на той час былі невядомыя.

З калекцыі фота Савы Сіўко. Сям’я настаўніка ручной працы, спеваў і музыкі 7-класнай Любчанскай агульнаадукацыйнай школы Кліменція Шкудлярыка. 1936-1939 гады. Фота: facebook/histmuseum.by

Шкляных пласцін на дзіва захавалася шмат — 582. Супрацоўнікі музея пазналі на іх Любчанскі замак і яго галоўную вежу. Зладзілі ў Любчу экспедыцыю і ў апошні дзень выйшлі на след, які прывёў да аўтара. У пошуках дапамаглі землякі Савы, цяперашнія жыхары Любчанскага краю. Адзін з іх успомніў імя аўтара фатаграфій. Сава Сіўко — народны фатограф, самародак, які рабіў сваю любімую справу больш за 50 гадоў. У яго доме, на паддашшы, знайшліся яшчэ 4 сотні шкляных фотанегатываў, якія ўдалося вярнуць да жыцця.

У гэтым квесце па вяртанні архіву значная роля належыць даследчыцы Надзеі Саўчанка, якая разам з паплечнікамі высветліла імя фатографа ў экспедыцыі, выратывала знойдзены матэрыял і яго атрыбутавала.

З калекцыі фота Савы Сіўко. Сям’я дырэктара 4-класнай Купіскай агульнаадукацыйнай школы Уладзіслава Святкоўскага. 1932-1939 гады. Фота: facebook/histmuseum.by

Гэтыя фатаграфіі — сапраўдны архіў жыцця беларускага мястэчка з 1920-х гадоў, а здымаў Сава Сіўко да самай смерці ў 1978 годзе.

На сённяшняй выставе прадстаўлены фатаграфіі самых характэрных момантаў штодзённага жыцця беларускага мястэчка, унікальнай і надзвычай цікавай з’явы нашага мінулага, якое арганічна спалучае ў сабе рысы вясковага і гарадскога жыцця. Наведвальнікі выставы змогуць пабачыць кранальныя сямейныя гісторыі: сямейныя партрэты, вяселлі, фотаздымкі немаўлят і выпускнікоў школ.

Выстава працуе па 2 лістапада.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!