Григорий Азаренок.
Дакументальную карціну «Душа абаронцы» ў рэжысуры прапагандыста Рыгора Азаронка пакажуць на фестывалі «Лістапад» у межах Нацыянальнага конкурсу.
Кіно ў раскладзе кінафоруму заўважыў «Священный Белавуд».
У ліпені пра здымкі гэтай карціны пісаў Флагшток. Паведамлялася, што неігравая стужка кінастудыі «Беларусьфільм» пад рабочай назвай «Душа арміі» ў рэжысуры Рыгора Азаронка будзе прысвечана памежнікам.
«Фільм пра сілу і мужнасць людзей, якія штодня знаходзяцца на мяжы. На мяжы паміж жыццём і смерцю. Унікальныя падзеі, захапляльныя трэніроўкі і спецаперацыі, кранальныя асабістыя гісторыі — пра ўсё гэта раскажа фільм. Любоў, Гонар, Адвага, а самае галоўнае — душа чалавека ў такі складаны момант», — з пафасам гаварылася ў анонсе кіно.
Сёння праца, відаць, атрымала афіцыйную назву «Душа абаронцы».
«Флагшток» нагадаў, што вайскоўцы менавіта Гомельскай пагранічнай групы, да якой адносіцца Мазырскі пагранатрад, праявілі асаблівы «гераізм» пры нападзенні РФ на Украіну з тэрыторыі Беларусі: не перашкаджалі перасячэнню дзяржаўнай мяжы з Украінай ваеннай тэхнікі іншай дзяржавы.
Карціна Азаронка будзе дэманстравацца 4 лістапада ў кінатэатры «Піянер» разам з дакументальнай стужкай Наталлі Валынец «Дулаг 121. Асуджаныя» вытворчасці ТРК «Гомель». Апошняя — пра перасыльны лагер для савецкіх ваеннапалонных у часы Другой сусветнай вайны ў Гомелі — створана ў кантэксце дзяржаўнай палітыкі Беларусі па расследаванні і ўшанаванні памяці ахвяр генацыду беларускага народа.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram