Памяшканне Музея Вольнай Беларусі. Фото: Google Maps
Музей Вольнай Беларусі ў Варшаве паведаміў пра стварэнне чытальнай залы беларускіх кніг.
Аснову кніжнага фонду чытальнай залы складае калекцыя з 559 кніг, перададзеных у музей Факультэтам прыкладной лінгвістыкі (Wydział Lingwistyki Stosowanej) Варшаўскага ўніверсітэта. Гэта акадэмічныя выданні, класічныя і сучасныя творы беларускіх аўтараў, кнігі па гісторыі, культуры, лінгвістыцы, фальклору, а таксама кнігі для дзяцей і падлеткаў. Сярод іх рэдкія і каштоўныя выданні Беларускай энцыклапедыі, незалежных беларускіх выдавецтваў 1990-х і 2000-х гадоў.
«Маючы вялікую калекцыю беларускіх кніг у Бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта, Факультэт прыкладной лінгвістыкі падзяліўся з нашым музеем часткай выданняў у знак салідарнасці з беларусамі і ў мэтах падтрымкі беларускай мовы і культуры ў Польшчы, дзеля таго, каб на мапе Варшавы з’явілася яшчэ адна кропка, дзе беларусы могуць дакрануцца да роднай мовы і роднага слова», — адзначае каманда інстытуцыі.
Плануецца, што чытальнай залай змогуць карыстацца наведвальнікі Музея Вольнай Беларусі, а таксама шырокае кола навукоўцаў, студэнтаў, якія вывучаюць беларускую тэматыку ў польскіх універсітэтах, і ўсе, хто цікавіцца беларускай культурай.
Акрамя калекцыі кніг Факультэта прыкладной лінгвістыкі чытачы таксама змогуць пазнаёміцца з найноўшымі беларускімі выданнямі гістарычнай тэматыкі, якія мэтанакіравана збірае музей у апошнія гады.
У найбліжэйшы час у сацсетках Музея Вольнай Беларусі будзе апублікаваны поўны спіс літаратуры, а таксама ўмовы выдачы кніг карыстальнікам чытальнай залы.
Нагадаем, што адрас Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве — вуліца Фоксал, 11.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram