У апошнюю суботу верасня ў філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры — Музеі-сядзібе Міцкевічаў «Завоссе» — прайшоў традыцыйны фестываль, ініцыяваны Музем гісторыі беларускай літаратуры яшчэ 26 гадоў таму.
Ён праводзіцца напрыканцы верасня на месцы размяшчэння сядзібы роду Міцкевічаў, дзе меркавана нарадзіўся і сам паэт (другая версія — Навагрудак). У Музеі-сядзібе Міцкевічаў размешчаны чатыры экспазіцыйныя прасторы, створаныя па матывах паэмы «Пан Тадэвуш».
Да свята была падрыхтавана разнастайная праграма.
Літаратурная частка ўключыла творчы конкурс літаратурных прац у жанрах, у якіх працаваў Адам Міцкевіч, сёлета на конкурс прыйшло больш за сотню твораў прозы, паэзіі і перакладаў. Працавала паэтычная пляцоўка з бібліятэчным падворкам. Праводзіліся і адукацыйныя сустрэчы пра гісторыю Завосся і пра феномен Міцкевіча, а таксама квіз «Праўда і легенда Пана Тадэвуша».
Адной з самых відовішчных старонак фэсту стала пляцоўка гістарычнай анімацыі ад рэканструктараў.
На галоўнай сцэне прайшла музычная частка. Выступаў фольк-гурт «Сарматы» з барочнай і шляхецкай музыкай і музыка і блогер Ілля Шынкарэнка, які выканаў як песні на вершы беларускіх пісьменнікаў, так і на свае ўласныя.
Камерная сцэна сабрала кола аматараў і даследчыкаў творчасці Міцкевіча і культуры ХІХ стагоддзя. Выступіла капэла Алеся Лася з рэтраспектывай барочнай музыкі, а таксама перакладчык і бард Аляксей Жбанаў, дзякуючы яму загучалі многія вершы Адама Міцкевіча і філамацкага кола — студэнцкі фальклор той эпохі. Дзякуючы даследчыцы Святлане Немагай ноты да вершаў былі адшуканы ў архівах. Даследчыца ўдзельнічала ў падрыхтоўцы канцэртнай праграмы, прысвечанай «Пану Тадэвушу».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram