У музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам прайшоў абрад «Ката пячы» — фотафакт

26 кастрычніка 2024 года ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту прайшоў абрад «Ката пячы». Абрад быў адроджаны ў вёсцы Скірмантаве Дзяржынскага раёна і цяпер узноўлены па тэрыторыі скансэна.

Абрад «Ката пячы» быў распаўсюджаны ў вёсках Міншчыны. Праводзіўся абрад звычайна напярэдадні перадкаляднага посту. Жанатыя і нежанатыя пары збіраліся ў адной хаце на вячоркі, асноўная падзея якіх была абрадавая гульня.

Галоўным дзеяннем гульні з’яўляецца выраб фігуры «ката» са спецыяльна выпечаных булак пэўнай формы, якія адмысловым чынам злучаюцца паміж сабой: галава «ката» аздабляецца вушкамі з сала, вочкамі з чарніц, далучаецца хвост са свойскай каўбасы. Такога «ката» ўрачыста выносяць на цэнтр хаты і прывязваюць да столі.

Абрад «Ката пячы». Фота: etna.by

Пасля пачынаецца жартоўнае спаборніцтва паміж удзельнікамі, хто якую частку ката здолее адкусіць. Дзеля гэтага кожны па чарзе падскоквае, пры гэтым неабходна пераадолець перашкоды, якія ствараюць іншыя ўдзельнікі, і выканаць пэўныя ўмовы (напрыклад, не ўсміхацца, не чапаць ката рукамі). Тыя, хто не справіўся, атрымоўваюць розныя жартоўная заданні. Пераможцам лічыцца той, хто адкусіў хвост, пасля чаго «ката» дзеляць паміж усімі прысутнымі. Лічыцца, што ў таго, хто з’еў менавіта хвост, увесь год усё ў сям’і будзе добра.

Кот – захоўнік шлюбу, знак сямейнага шчасця і дабрабыту, урадлівасці і пладавітасці. Таму гуляць у яго могуць як маладыя хлопцы і дзяўчыны, так і ўжо замужнія і жанатыя, сталыя людзі.

Усе этапы гульні суправаджаюцца традыцыйнымі песнямі, прыпеўкамі, танцамі пад гармонік, жартоўнымі гульнямі, анекдотамі, вячэрай з пачастункамі, якія ўдзельнікі прыносяць з сабой.

Ежа падкрэслена тлустая і багатая, а ўжо 28 лістапада пачынаецца перадкалядны пост «Піліпаўка» з забаронамі не толькі на скаромнае, але на гульні і забавы.

Абрад «Ката пячы» мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!