У Мінску адкрываецца вялікая персанальная выстава Захара Кудзіна

Пад гучнай назвай «З’ява» 12 верасня ў Мінску ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрываецца вялікая персанальная выстава Захара Кудзіна. Музыка, скульптар, жывапісец і мінчук Захар Кудзін для беларускай мастацкай прасторы быў адным з самых неардынарных аўтараў. Трагічная смерць мастака ў 2019 годзе стала для культурнай супольнасці ўзрушэннем, агаліўшы вядомыя праблемы рэалізацыі творчага чалавека ў Беларусі. З моманту смерці Захара прайшло ўжо пяць гадоў.

На выставе ў НЦСМ у васьмі залах будуць прадстаўлены як добра вядомыя работы мастака, так і тыя, якія раней не экспанаваліся. Акрамя жывапісу можна будзе ўбачыць архіўныя матэрыялы — фотаздымкі з сямейнага збору, а таксама фота і відэа з асабістага архіву Захара, тыя, што ён рабіў сам. Арганізатары выставы намагаліся пазнаёміць гледача як з мастацкай іпастассю беларускага творцы, так і паказаць яго як асобу.

«Выстава «З’ява» – гэта спроба асэнсаваць феномен творцы, які стаў адной з самых яркіх зорак беларускага мастацтва апошніх дзесяцігоддзяў», — адзначаецца ў анатацыі да праекта.

Афіша выставы. Фота: сацсеткі НЦСМ.

Вядома, што выстава створана пры саўдзеле сям’і Захара Кудзіна.

Стваральнік нейраарта Захар Кудзін нарадзіўся ў 1986 годзе ў Мінску. Яго прафесійнае станаўленне адбывалася не толькі ў Беларусі: пасля заканчэння мастацкай вучэльні ў Мінску мастак паехаў у Нью-Ёрк. Жыў і падарожнічаў у Злучаных Штатах, вывучаючы амерыканскае арт-асяроддзе. Пасля вяртання ў Беларусь Захар уліваецца ў калектыўныя праекты, супрацоўнічае з галерэямі, робіць персанальныя выставы. Самы малады мастак, чыя праца знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Адным з найяскравейшых праектаў аўтара ў 2019 годзе становіцца «Ледзяны палёт. Гарачы космас» — роспіс будынка на вуліцы Кастрычніцкая ў рамках фестывалю урбан-арта Vulica Brasil. Дакументальны фільм «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа не адбыўся б без удзелу Захара — у карціне мастак з’яўляецца правадніком мастацтва ў гарадское асяроддзе. Здавалася б, творчая актыўнасць Захара Кудзіна толькі ўзрастала ў 2010-я, аднак у снежні 2019-га ён прымае рашэнне аб сыходзе з жыцця.

Адкрыццё персальнага праекта пра Захара Кудзіна «З’ява» адбудзецца 12 верасня, а 18.00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (вуліца Някрасава, 3). Выстава будзе працаваць да 27 кастрычніка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!