У Мінску адбудзецца новы фестываль беларускага індзі-кіно. Аўтараў заклікаюць дасылаць свае працы

З 17 па 23 жніўня ў Мінску стартуе свежы кінапраект — Фестываль інды-фільмаў, прысвечаны сучаснаму беларускаму кінематографу. Наведвальнікаў чакае тыдзень паказаў, лекцый і сустрэч з рэжысёрамі, а аўтары яшчэ могуць паспець падаць свае стужкі ў конкурсную праграму.

Арганізатары пазіцыянуюць фэст як ініцыятыву самой супольнасці — яго ствараюць энтузіясты «знізу». Галоўная мэта праекта — стварыць жывую пляцоўку для падтрымкі беларускага кінематографа.

Адзначаецца, што мерапрыемствы фэсту пройдуць больш чым на 10 прасторах па ўсім горадзе — ад буйных культурных цэнтраў і кінаклубаў да ўтульных кавярань і бараў. Таксама будзе арганізаваны і анлайн-паказ.

У праграме новага фестывалю:

  • кінапаказы мастацкіх, дакументальных і анімацыйных стужак;
  • сустрэчы з рэжысёрамі, запрошанымі гасцямі і экспертамі;
  • лекцыі, дыскусіі і індустрыяльныя сустрэчы;
  • урачыстая цырымонія закрыцця з праглядам лепшых прац і нэтворкінгам.

Акрамя гэтага, арганізатары абвясцілі open call для беларускіх кінематаграфістаў. На новы фэст прымаюцца фільмы любога жанру і хранаметражу (поўнаметражныя і кароткаметражныя), знятыя беларусамі і беларускамі ў 2023–2026 гадах.

Пераможцы конкурсу атрымаюць прызы, узнагароды і рэцэнзіі ад прафесійнага журы.

Заяўкі ад аўтараў прымаюцца да 26 ліпеня праз афіцыйную форму.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!