У мінскім тэатры РТБД пройдзе Тыдзень беларускай драматургіі

З 1 па 6 красавіка ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбудзецца Тыдзень беларускай драматургіі «Рэтраспектыва». На працягу Тыдня гледачоў чакаюць спектаклі па творах беларускіх драматургаў, новыя сцэнічныя чытанні, лекцыі і майстар-класы.

Адкрывае Тыдзень драматургіі прэм’ерны спектакль «Май хоумлэнд» Цэнтра беларускай драматургіі. Гісторыя пра сантэхніка Гену становіцца аповедам пра радзіму і сваё месца, якое шукае кожны.

Пакажуць спектаклі «Вечар» па п’есе Аляксея Дударава і «Заручыны» паводле п’ес пачатку XX стагоддзя «Як яны жаніліся» Аляксандра Валодзьскага і «Пярэстая красуля» Аляксандра Чужыніна. Акрамя спектакляў адбудуцца сцэнічныя чытанні, аб’яднаныя праектам «Рэтраспектыва», які дазваляе пазнаёміцца з п’есамі 1990-х, 2000-х і 2010-х гадоў. Драматургі заўсёды прапаноўваюць актуальныя для свайго часу праблематыку, герояў і формы тэкстаў. Экспрэс-рэтраспектыва дазваляе ўбачыць як адрозненні, так і падабенства тэкстаў розных гадоў – са сцэны прагучаць п’есы «Гісторыі дзіўнага свету» Алены Паповай, «Сталіца Эраўнд» Сяргея Гіргеля і «…І лісце вернецца да каранёў» Аляксандра Савухі. Перад сцэнічным чытаннем па п’есе «Сталіца Эраўнд» адбудзецца літаратурны клуб, прысвечаны п’есе.

У межах Тыдня зладзяць адукацыйную праграму. Адбудуцца лекцыі «Драматургічныя гісторыі РТБД» і «П’еса як канструктар». Першая – пра п’есы, з якіх пачыналася гісторыя РТБД, а другая – пра элементы, з якіх складаецца драматургія. Для тых, хто хоча пазнаёміцца з «унутранай кухняй» і паспрабаваць сябе як тэатральнага творцу, падрыхтаваны дзве майстэрні – «Майстэрня спектакля» і «Майстэрня пісьма». Падчас першай майстэрні ва ўдзельнікаў будзе магчымасць зразумець, як ствараецца спектакль і папрацаваць з маладым рэжысёрам. А ў межах майстэрні пісьма можна будзе стварыць уласны тэкст.

Ні ў рэпертуары тэатра, ні ў праграме Тыдня мы не ўбачым легендарных спектакляў — «Шлюб з ветрам», «Забалоцце», «Пачупкі», «Карней». Нагадаем, што пасля апошняй хвалі рэпрэсій у тэатры і звальнення зорак калектыву Максіма Брагінца, Змітра Давідовіча, Арцёма Курэні, Ганны Семянякі, Дзяніса Аўхарэнкі — гэтыя спектаклі не аднавіліся.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!