Перформанс на адкрыцці. Фота: сацсеткі
У мінскім Палацы мастацтва адкрылася выстава «Віцебскі феномен. XX / XXI».
Экспазіцыя, якую сабралі з калекцыі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, прадстаўляе панараму мастацкага жыцця горада больш чым за сто гадоў.
На выставе паказалі 120 аўтараў розных эпохаў і напрамкаў — ад акадэмічных вытокаў мастацтва мяжы XIX–XX стагоддзяў да сучасных творцаў XXI стагоддзя.
То-бок, у адзінай прасторы паказаны рэвалюцыйныя эксперыменты і авангард, пасляваенны рэалізм і мастацкія дасягненні савецкай эпохі, нонканфармізм легендарнага «Квадрата», феномен віцебскай акварэлі.
Стогадовая гісторыя віцебскага мастацтва разнастайная і драматычная – з-за палітычных падзей, якія закранулі горад. У 1919 годзе па ініцыятыве Марка Шагала у Віцебску было створана Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, якое стала месцам канцэнтрацыі геніяў сусветнага маштабу (Казімір Малевіч, Эль Лісіцкі, Вера Ермалаева, Давід Якерсон, Юдэль Пэн) і стварэння авангарднага кірунку УНОВіС. Аднак авангардная накіраванасць інстытуцыі, незалежнасць і свабода духу, якія панавалі там, увайшлі ў вострую супярэчнасць з прынцыпамі сацрэалізму: праз некалькі гадоў мастакі з’ехалі, а на месцы наватарскай установы з’явіўся мастацкі тэхнікум. Авангардныя традыцыя пачала паступова ўзнаўляцца толькі з сярэдзіны 1960-х, а ў 1987 у горадзе з’явілася аб’яднанне «Квадрат» — духоўны пераемнік УНОВіСа.
Такім чынам, хоць авангарднае мастацкае вучылішча было перафарматавана пад стылістыку сацрэалізму, у Віцебску паступова сфарміравалася мясцовая школа, якая абапіраецца на пластычныя ідэі мастакоў, што ў 1920-я гады працавалі ў гэтым горадзе.
Ці атрымалася стварыць прадуманую экспазіцыю, дзе былі б лагічна прадстаўлены ўсе віцебскія мастацкія феномены, мы спыталі ў аднаго з гледачоў. «На адкрыцці зрабілі вельмі прыгожы перформанс на тэму УНОВіСа, задзейнічаўшы віцебскі тэатр, — расказаў reform.news наш суразмоўца. — Твораў на выставе шмат, але дакладнай прынцыповай канцэпцыі я там не ўбачыў. Віцебск жа насамрэч – вялікі горад, там ёсць, што паглядзець. Напрыклад, прывезлі з фондаў краязнаўчага музея супрэматычныя камапазіцыі і скульптуры Давіда Якерсона, творы Юдаля Пэна. Але ажыятажа на адкрыцці я не заўважыў, увогуле, склалася ўражанне, што выставу прынялі даволі холадна, і па маіх звестках, віцебскім чыноўнікам гэта не вельмі спадабалася».
Выстава будзе працаваць да 9 снежня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram