У межах фестывалю абуджаных TUTAKA пакажуць спектакль аб беларуска-польскім памежжы

12 ліпеня на фестывалі TUTAKA на Падляшшы адбудзецца паказ спектакля «Мяжа» («Granica») у рэжысуры маладога творцы Антона Ільіна. Пастаноўка аб беларуска-польскім памежжы па творах «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» Сяргея Пясецкага і «Нататкі кантрабандыста» Віктара Сазонава — яшчэ адна цікавостка ў насычанай праграме фестывалю абуджаных, якая складаецца прама зараз.

«Гэта падарожжа скрозь гісторыі людзей, час і месцы — праз асабістыя ўспаміны, аповеды дзядоў і сучасныя рэфлексіі. Мяжа тут — не проста лінія на мапе, але жывы персанаж, сведка і расказчык, — распавядаюць пра спектакль яго стваральнікі. — Што бачыць мяжа, калі праз яе пераходзяць, прабіваюцца ці назаўжды застаюцца па той бок?».

Галоўную ролю ў пастаноўцы выконвае Караліна Мазурэк.

Антон Ільін родам з Беластоку, навучаўся ў Тэатральнай акадэміі імя Аляксандра Зелвяровіча (беластоцкім філіяле). Працуе ў тэатральнай студыі Юстыны Гадлеўскай. Спектакль «Мяжа» рэалізаваны рэжысёрам дзякуючы мастацкай стыпендыі прэзідэнта Беластока для маладых творцаў. Прэм’ера «Granicy» адбылася ў 2022 годзе.

Сёлета фестываль абуджаных TUTAKA пройдзе на паляне Барык ля Гарадка ўжо ў пяты раз — з 10 па 13 ліпеня.

Нагадаем, што ад пачатку фэст задумваўся як прастора сучаснай беларускай культуры на Падляшшы, у рэгіёне, дзе спакон веку жывуць і захоўваюць сваю тоеснасць этнічныя беларусы. Пасля падзей 2020 года ў Беларусі фестываль дадаў новае значэнне. Ён стаў месцам сустрэч беларусаў Падляшша і свету, усіх прыхільнікаў беларускай культуры і сяброў Вольнай Беларусі.

Паляна Барык — гэта тое самае месца, дзе раней грымела слаўнае «Басовішча». Але сэнс падзеі зараз зусім новы. Фестываль Tutaka — гэта пляцоўка для самых разнастайных форм творчага дыялогу: ад канцэртаў, выстаў, кінапаказаў да творчых сустрэч, акцый і публічных дыскусій, што разам ствараюць унікальную карціну сучаснай беларускай незалежнай культуры і грамадзянскай супольнасці.

Сачыць за падзеяй можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!