У Лошыцкім парку завяршылі рэканструкцыю будынкаў бровара і млына

Два будынкі старога бровара і былы млын Лошыцкай сядзібы рэканструявалі і ператварылі ў комплекс «Лошыцкі», які складаецца са шматфункцыянальнага будынка, гатэля з залам урачыстасцей, прызначаным у тым ліку для цырымоніі шлюбу, і кавярні.

Комплекс «Лошыцкі». Фота: minsknews.by

Гаспадарчы комплекс быў пабудаваны на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў на другім беразе Лошыцы ад сядзібы. Будынкі былі ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Падчас рэстаўрацыі да падмуркаў была разабрана вялікая двухпавярховая частка будынка бровара, аднак найбольш каштоўная, чатырохпавярховая частка будынка захавана.

Комплекс «Лошыцкі». Фота: minsknews.by

У інтэрерах будынкаў засталіся ўнікальныя архітэктурныя элементы, напрыклад, цагляныя сцены XIX стагоддзя. Фасады будынкаў, у адрозненне ад не вельмі стыльных інтэр’ераў, захавалі сваё гістарычнае аблічча.

«Усё, што старае — выглядае сімпатычна, усё, што новае — вее танным калгасам з прэтэнзіяй», — піша тэлеграм-канал «Спадчына».

Комплекс «Лошыцкі». Фота: minsknews.by

Нагадаем, што Лошыцкі парк аднавілі і добраўпарадкавалі ў 2011 годдзе. У 2014 годзе завяршылася рэстаўрацыя сядзібнага дома і флігеля, былі адноўлены ўсе дэталі гэтых архітэктурных помнікаў: дэкор, ляпніна, кафляныя печы і камін. У 2015-м у сядзібе адкрыўся музей.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!