Фота: Яўген Атцецкі.
Ці можа культурніцкі сектар спрыяць развіццю беларуска-украінскіх дачыненняў? Як знайсці ды ўтрымаць людзей у незалежнай культурніцкай сферы? Ці здзяйсняюцца праекты-мары культурных менеджараў? Гэтыя і іншыя пытанні сталі галоўнымі тэмамі IV Форуму культурніцкіх арганізацый, які сабраў у Любліне 21-23 верасня прадстаўнікоў 26 інстытуцый.
Форум як платформа для каардынацыі дзейнасці і абмеркавання супольнага развіцця паўстала з ініцыятывы Беларускай Рады культуры ў 2024 годзе. Летась інфармацыя пра падзею стала публічнай, і на бягучай сустрэчы да асноўнага складу далучыліся новыя актары. Форум ладзіцца раз на паўгады ў розных гарадах — гэтым разам пляцоўкай для сустрэчы стаў Люблінскі цэнтр культуры.
У працы мерапрыемства прынялі ўдзел прадстаўнікі Фонду TUTAKA, Беларускай Рады культуры, Беларускага ПЭНа, Музея Вольнай Беларусі, Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні, Інстытута беларускай кнігі, Беларускага Свабоднага тэатра, праекта «Беларускія Магістраты», грамадскай арганізацыі «Годна», культурна-асветніцкага партала Budzma.org, выдавецтва Gutenberg Publisher, Беларускага музея імя І. Луцкевіча, Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, медыя Sekktor.Online, Фонду ДОСЬВЕД, арганізацыі Tutejšy Teatr, Staromiejski Dom Kultury, ініцыятывы Belarus Outside Sound System, Беларускай незалежнай кінаакадэміі ды іншых інстытуцый.
Падчас першага дня адбылося знаёмства сталых і новых удзельнікаў Форуму. Арганізацыі зверылі культурніцкія «гадзіннікі», падзяліліся вынікамі працы за апошні час і акрэслілі новыя выклікі.
На другі дзень прадстаўнікі незалежнага сектара параўналі свае дасягненні з мінулым паўгоддзем і годам, аналізуючы, ці ўдалося ажыццявіць праекты-мары. Нягледзячы на складаныя варункі выгнання, значная частка супольнасці канстатавала, што іх ініцыятывы развіваюцца і пераходзяць на новыя этапы, а не застаюцца пражэктамі.
Асобныя мары нават здзейсніліся. У прыватнасці, кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін адзначыў, што сёлета ўрэчаісніўся вельмі складаны па ўвасабленні праект беларускага незалежнага мастацтва «Official. Unofficial. Belarus.» на Венецыянскай біенале.
Па традыцыі на Форуме быў задзейнічаны фармат «пражаркі» — калі прадстаўнік інстытуцыі атрымлівае фідбэк і канструктыўную крытыку сваёй дзейнасці ад калег. У «крэсле праўды» гэтым разам пабывалі шэсць культурных менеджараў.
Адной з надзённых тэмаў стала прафесійная салідарнасць і супольная падтрымка. Заснавальнік праекта «Беларускія Магістраты» Цімох Акудовіч высунуў ідэю стварэння прафесійнага аб’яднання — «цэха» ці «гільдыі», якое б умацоўвала прэстыж прафесіі культурнага менеджара. Таксама абмяркоўвалася магчымасць заснавання спецыяльнай прафесійнай Прэміі і пытанне таго, як эфектыўна збіраць, утрымліваць і развіваць уласныя каманды.
Заключны дзень распачаўся з дыскусіі «Вайна Расеі супраць Украіны: беларускія добраахвотнікі і адказнасць культурніцкага сектара», якая выклікала гарачыя спрэчкі. Удзельнікі выказвалі розныя меркаванні, што толькі падкрэсліла надзённасць тэмы.
З аднаго боку, прагучала думка, што ва ўкраінскім медыйным полі дагэтуль бракуе адзінага паняцця ці слова, якое б адназначна пазначала беларусаў, якія супрацьпастаўляюць сябе рэжыму Лукашэнкі — гэта паняцце ці тэза пакуль не сканструяванае. Пры гэтым супольныя беларуска-украінскія культурныя праекты існуюць, але тое, якім чынам удзел беларускіх менеджараў можа быць артыкуляваны ва ўкраінскай прасторы, застаецца складаным пытаннем.
З іншага боку, прагучала і крытыка ў бок тых беларускіх артыстаў, якія ўдзельнічаюць у супольных імпрэзах з так званымі «добрымі рускімі», не адмяжоўваючыся выразна ад расейскага культурнага кантэксту ў час вайны. Аднак і гэты пункт гледжання выклікаў дыскусію сярод прысутных.
Завяршыўся IV Форум знаёмствам і наладжваннем сувязяў паміж беларускімі культурнымі арганізацыямі і прадстаўнікамі мясцовага люблінскага культурнага сектара.
Наступны Форум культурніцкіх арганізацый запланаваны праз паўгады ў Вільні. Далучыцца да супольнасці і падзеі новыя культурніцкія ініцыятывы могуць, запоўніўшы адпаведную форму.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram