Сцэна са спектакля "Замак Альшанскі". Фота: sb.by.
На сцэне Купалаўскага тэатра адбылася прэм’ера спектакля «Замак Альшанскі» паводле рамана Уладзіміра Караткевіча — бадай, трэці новы спектакль па беларускай класіцы ў тэатры за апошнія шэсць гадоў. Афіцыйныя медыя кажуць пра поспех, але разбіраемся ў кантэксце, ці сапраўды можна казаць пра «беларускі паварот» на сцэне Купалаўскага?
Нагадаем, што апошнія гучныя навіны ўстановы былі звязаныя з прызначэннем на пасаду мастацкага кіраўніка тэатра расійскага рэжысёра Дзмітрыя Акімава. Да гэтага часу, з 2020 года, калі большая частка трупы звольнілася на знак пратэсту супраць гвалту і фальсіфікаваных выбараў, тэатр сутыкнуўся з працяглым крызісам рэпертуару і кадравым голадам. Гэтую кадравую нястачу вырашалі, у тым ліку, за кошт запрашэння артыстаў з Расіі.
У Купалаўскім Дзмітрый Акімаў паставіў «А зоры тут ціхія» паводле Барыса Васільева, «Дзядзечкаў сон» паводле Фёдара Дастаеўскага, і раптам у афішы з’явілася пастаноўка па Караткевічу ў рэжысуры беларускага творцы, паміж іншым лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі Дэвіда Разумава.
Ці значыць гэта, што Купалаўскі ўспомніў пра сваё ўласнае прызначэнне?
На нашу думку, абнадзейвацца не варта.
Дэвід Разумаў — малады, але таленавіты рэжысёр, атрымаў прызненне за свае пастаноўкі на сцэне Рускага тэатра (НАДТ імя Максіма Горкага). Сярод іх — «В омуте» паводле ўласнай п’есы, «Маскарад» Лермантава (2024), містычная драма «Фауст. Сделка с дьяволом» (2023) паводле Гётэ. Акурат за апошнюю ён атрымаў прызнанне ў намінацыі «Найлепшы спектакль тэатр драмы для вялікай сцэны». Разам з тым, як адзначае тэатральная аглядальніца выдання «Звязда» Ларыса Цімошык, Разумаў ужо мае досвед працы з матэрыялам Караткевіча: раней ён здзейсніў пастаноўку «Дзікага палявання караля Стаха» ў Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры.
Спектаклі Разумава, які з’яўляецца вучнем Сяргея Кавальчыка, крытыкі характарызуюць як дынамічныя і выразныя ў сваім жанры.
Напрыклад, п’есу Лермантава Разумаў ператварыў у дынамічны, востры трылер. Гледачы адзначалі, што гэта «сучасная і неардынарная адаптацыя», дзе класічны тэкст падаецца праз драйв і яркія візуальныя эфекты.
Пра «Фауст. Сделка с дьяволом» крытыкі пісалі, што Разумаў зрабіў стаўку на атмасферу, святло і гук. Тэкст Гётэ там адышоў на другі план, а галоўным стала «відовішча». Рэцэнзенты хвалілі магутную сцэнаграфію, змрочную стылістыку і касцюмы, якія стваралі адчуванне «бурлячай страсці» і містычнага року.
«Дзікае паляванне караля Стаха» хвалілі за кінематаграфічнасць і экшн.
То-бок Дэвід можа ствараць відовішчныя жанравая пастаноўкі, з візуальнымі эфектамі і дынамікай.
Такі і новы спектакль на Купалаўскай сцэне заяўлены ў жанры «атмасфернага нэануару». Адзначалася, што дзеля пастаноўкі былі створаны манументальныя дэкарацыі (Барыс Гарлаван), пашыта каля сотні касцюмаў (Марына Шуста). Яшчэ з адных маркетынгавых кручкоў — «упершыню ў гісторыі тэатра кампазітарам спектакля стаў штучны інтэлект».
То-бок перад намі прывабны і тэхналагічны прадукт, у якім робіцца стаўка на стыльную знешнюю форму, сучасныя тэхналогіі і востры сюжэт. Дзяржаўныя медыя пішуць пра поспех, рапартуцю аб вяртанні тэатра да сваіх каранёў; квіткі на спектакль ужо не дастаць. Але наколькі за відовішчнасцю і гучнымі маркетынгавымі рашэннямі ўдалося захаваць філасофскую глыбіню арыгінала Караткевіча? «Замак Альшанскі» ў прачытанні рэжысёра — гэта галаваломка ці экзістэнцыйная прытча? Неануар, які разматвае нітку гісторыі ці які гуляецца ў святло і цені? На гэтыя пытанні афіцыйныя прэса адказаў не дае. І пры ўсёй прывабнасці дэтэктыўнага жанру, можна зрабіць здагадку, што гаворка ідзе пра прагматычны падыход да матэрыялу, чым пра раскрыццё нацыянальнай тэмы.
Казаць пра адраджэнне традыцый яшчэ зарана.
Купалаўскі, уласна, падае пастаноўку так:
«Тры стагоддзі замкнёнай тайны. Шыфр у старажытным фаліянце, шэраг дзіўных смерцяў і легенда, што абяцае незлічоныя скарбы таму, хто спусціцца ў катакомбы замка. Але Антон Косміч прыязджае ў Альшаны не па скарбы, а па праўду. Спрабуючы разблытаць вузел чужых грахоў, ён сам становіцца мішэнню. Ці здольны рацыянальны розум перамагчы містычны праклён мінулага, калі яно ўжо глядзіць на цябе з халоднага бліку люстэрка?
“Курэнне шкодзіць вашаму здароўю” – гэта не проста фраза, а заклік да дзеяння».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram