Лялька да спектакля "Ваўкі" паводле эскізаў Аляксандры Канарскай. Фота: Ірына Лаппо
8 снежня ў люблінскім Цэнтры культуры на адкрыцці тэатральнага фестывалю «Блізкі Усход» адбылася прэм’ера спектакля «Ваўкі» паводле аповесці Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» у бліскучай рэжысуры Паўла Пассіні і незвычайным выкананні Вольных Купалаўцаў: Валянціны Гарцуевай, Зоі Белахвосцік, Аляксандра Гарцуева, Аляксандра Казеллы і Аляксандра Зелянко.
Аўтары інсцэніроўкі — Павел Пассіні, Ірына Лаппо.
Атмасферную сцэнаграфію і касцюмы да «жахлівай казкі» стварыла Аляксандра Канарская, музыку напісаў і выконваў рэжысёр спектакля. На прэм’еры прысутнічала таксама аўтарка аповесці Святлана Курс, чый адмысловы каментар прагучаў у фінале.
Перакладчыца, паэтка і літаратуразнаўца Наталля Русецкая падзялілася ўражаннямі ад прэм‘еры: «На сцэне, сярод надмагілляў, паламаных крыжоў, агароджаў з ваўчынымі галовамі, разгортвалася гісторыя пра людзей, якія жывуць, ці, хутчэй, выжываюць на беларускіх балотах у жахлівых гістарычных умовах. З іхных лёсаў тчэцца гісторыя: «…уток-аснова-уток-аснова, а ўзор набягае той самы». У кожным пакаленні кáты і ахвяры, ваўкі і «ціхія, як лета» авечкі. І ў такім цесным суплёце працягваецца існаванне не толькі герояў гэтай гісторыі, а ўсёй краіны. Пад уладай то рускіх, то палякаў, то немцаў, то саветаў… І здаецца, што наваколле ўсё мацней упадае ў летаргію, гэты вобраз невялікага мястэчка Ліпень, які «спіць, склаўшы лабатую галаву на лапы сваіх дарог». Але спектакль не абмяжоўвацца гэтым жахлівым сном і страшнымі падзеямі, ён дорыць надзею, што па гэтых самых «лапах дарог» мы дойдзем яшчэ да сваёй Беларусі і адкапаем Белы Слуп, тую святую крыніцу памяці і прагаворым усе замоўчаныя гісторыі свайго народа і сваёй зямлі. Калі не будзем адзін аднаму ваўкамі».
Тэатральны фестываль «Блізкі Усход» пачаўся ў Любліне 8 снежня і працягнецца да 14 снежня.
Сёння адбудзецца яшчэ адзін спектакль паводле аповесці «Па што ідзеш, воўча!», яго рэжысёрка — Моніка Дабраўлянска. Перад спектаклем пройдзе прэзентацыя польскага перакладу аповесці Евы Вежнавец пад назвай «O wilku mówiono w izbie». Перакладчыца — Малгажата Бухалік.
З раскладам падзей можна пазнаёміцца на сайце фестывалю.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram