У Канадзе выйшла кніга беларусісткі, ганаровай прафесаркі Канадскага ўніверсітэту Ватэрлоа Зіны Гімпелевіч «Biełarusian Fine Art: Time and Time Again» (Беларускае выяўленчае мастацтва: зноў і зноў), — паведамляе Бібліятэка і музей Францыска Скарыны ў Лондане на сваёй старонцы ў Facebook.
Аўтарка распавядае пра больш чым 150 беларускіх мастакоў, імёны якіх не заўсёды асацыююцца з нашай краінай. Зіна Гімпелевіч спрабуе вярнуць гістарычную праўду і засведчыць, колькі талентаў згубіла Беларусь у ХХ стагоддзі.
Аўтарка распавядае ў тым ліку пра тых, хто стварыў аснову славутай Парыжскай школы: Марка Шагала, Хаіма Суціна і іншых.
Аўтарка залічае да ліку беларускіх мастакоў многіх творцаў, якія нарадзіліся на Беласточчыне, Дзвіншчыне – там, дзе беларуская этнічная прысутнасць яшчэ нядаўна была відавочнай.
Аўтарка таксама распавядае пра тое, чаму сярод сусветна вядомых творцаў з Беларусі так шмат мастакоў яўрэйскага паходжання.
Асобны раздзел прысвечаны творцам беларускай эміграцыі: Віктару Жаўняровічу, Міхасю Наўмовічу, Івонцы Сурвілле і інш.
23 красавіка ў 14.30 Беларускі Інстытут навукі і мастацтва Канады і Згуртаванне беларусаў Канады запрашаюць на прэзентацыю кнігі доктара Зіны Гімпелевіч “Biełarusian Fine Art: Time and Time Again”. Згаданыя ў кнізе мастакі з Атавы-Гаціно: Івонка Сурвілла, Пётр Шварцман, Алена Ляпко далучацца да доктара Зіны Гімпелевіч, так што можна будзе не толькі пачуць пра выдатных мастакоў і іх творчасць, але і ўбачыць некаторых аўтараў і іх работы.
Кніга апублікавана ў кнігарні FriesenPress.
У продажы падчас прэзентацыі будзе абмежаваная колькасць кніг з аўтографамі і арыгінальныя творы мастацтва. Усе атрыманыя сродкі пойдуць на дапамогу Украіне, у тым ліку сюды.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram